Читать «Станаўленне» онлайн
Генрых Далідовіч
Генрых Далідовіч
Станаўленне
Апавяданні i аповесць
Цяпло на першацвет
Трыпціх
Каўнер з заморскага звера
1
— Сынок! Га, сыне! — хтосьці дужы тузаў мяне за плячо, але я не мог прачнуцца i пазнаць голасу: вельмі хацелася спаць.
Мяккім i ўлежным здаваўся сяннік, хоць напхнулі яго толькі ўчора: за зіму леташняя салома ў ім збілася, перасеклася, нібы яе стачылі мышы, i спаць на ёй было надта мулка. Бацька распароў сяннік, занёс яго ў хлеў i вытрас гэтую «сечку» карове на подсціл, схадзіў у гумно i выбраў жоўценькай саломы. Была яна халодная, доўга ляжала ля грубкі i грэлася. Калі стала сухая i цёплая, бацька запхнуў яе ў сяннік i зашыў яго. Сяннік выйшаў тоўсты, гарбаты, калі я лёг на яго, то не мог утрымацца i скаціўся долу.
«Абтапчы», — усміхаўся задаволены бацька, i я скакаў, уціскаў салому, аж нацёр калені аб вострыя яе камлюкі.
— Стасік! — зноў пачуў я хрыплаваты голас i пазнаў: будзіць мяне бацька.
Не хацелася нават расплюшчваць вачэй: так было цёпла, утульна, мякка, але бацька настойліва, нават з нейкім сполахам клікаў мяне, што я пераадолеў сон, глянуў, адразу зажмурыўся ад яркага, як здавалася, святла газоўкі. Зразумеў, што яшчэ вельмі рана: i спаць хочацца, i не днее, i маці не відаць ля печы.
— Уставай, сыне, імчы да бабы. Скажы, хай да нас ідзе…
У мяне адна баба, матчына маці, жыве за лесам, за добрую вярсту ад нас. Яна сама кожнага дня прыходзіць, спрасоння думаю я, чаго яе клікаць у такую рань! Вось i ўчора была, не дазваляла маме насіць поўныя вёдры, скубці i даваць карове сена, паднімаць на прыпек цяжкія саганы, a рабіла ўсё гэта сама. Дамоў пайшла вечарам, паабяцала, што назаўтра зноў прыйдзе.
— Скажы, што мама… захварэла…
Калі я пачуў гэта, усхапіўся, хуценька апрануўся: вельмі любіў маму i цяпер прыпомніў, што, мусіць, вінаваты ў яе хваробе: учора не паслухаўся, не прынёс у хату дроў, а пабег коўзацца на сажалку. Мама хадзіла па ix сама, прывалакла бярэма, апусціла ля грубкі, абаперлася аб яе, заплюшчыла вочы, не глядзела, што выцірае рукавом мел, доўга стаяла i аддыхвалася — так ёй было цяжка…
Я глянуў на ложак, на якім штоночы спіць маці: i цяпер яна была там, ляжала тварам да сцяны i цяжка стагнала, часам нават ускрыквала. Я захваляваўся, таму паслухмяна надзеў порткі i камізэльку, якія мне падаў бацька, уссунуў на босыя ногі гумовікі, ушчапіў на галаву аблавушку i выйшаў з бацькам на двор. Было яшчэ цёмна, не відаць ні лесу, ні поля. Толькі за лугам на небе выплывала светленькая палоска, паднімалася, i я не ўбачыў, a толькі адчуў недалёкую, ціхую, яшчэ замёрзлую, нежывую рэчку, на якой тоўсты сіні лёд, праз яго ўдзень ледзь-ледзь відаць чырвона-жоўтае дно, усыпанае маленькімі бліскучымі каменьчыкамі, адчуў халодную, залітую талай вадой сенажаць, а на ёй два рудыя стагі, якія не паспелі перавезці. Калі добра прыгледзеўся, то ўбачыў блізка частаколіны, а на ix анучы i збаны.
У хляве ціха стагналі свінні i цяжка дыхала карова. Нечакана галасіста запеў певень. Здаецца, ніколі я не чуў, каб ён так моцна гарланіў.