Читать «Станаўленне» онлайн - страница 3
Генрых Далідовіч
Калі мы, спяшаючыся, дайшлі да нашай хаты, пачало выплываць чырвонае сонца, калюча i холадна асвяціла небакрай. Мы тупалі i бачылі ўжо дарогу. Ногі мае закарчанелі ў гумовіках.
Маці ляжала на тым жа ложку, толькі цяпер была нейкая вялікая, на ўсю пасцель, глянула на нас, калі мы ўвайшлі, i зноў заплюшчыла вочы. Я заўважыў, што ў яе бледныя вусны, сухія, аж патрэсканыя, як зімою ў мароз.
— Ну, што тут? — спытала бабуля ў бацькі.
— Ды во! — сарамліва ўсміхнуўся ён i паказаў рукою на маці.
Бабуля падышла да пасцелі, нагнулася, разгарнула невялікі белы скрутачак, паглядзела i сказала:
— Ну, во i добра, дзяўчынка… — Пасля паклікала мяне: — Ідзі глянь, i ты некалі гэтакі быў, тож так у руках трымала…
Я падышоў i ўбачыў загорнутае ў чысценькае прасцірадла маленечкае дзіця, здзівіўся: адкуль яно ўзялося?
— Не зачыніў учора коміна, — папракнуў мяне бацька, — вось i ўкінуў нам бусел дзіця. Раз не дапільнаваў, то будзеш цяпер гуляць з ім.
Я разгубіўся, стаяў i лыпаў вачамі.
— Не слухай, сынок, бацька насміхаецца. Гэта твая сястрычка, — ціха сказала маці.— Паглядзі, яна на цябе i падобная.
Бабуля апусціла ніжэй гэтае не пекнае дзіця, але я, разгублены, блізка не падышоў i добра не зірнуў на сястрычку.
Так i не дабіўшыся, каб я прылашчыў хоць позіркам малое, бабуля адышла ад мяне, палажыла дзіця, сказала бацьку прынесці ночвы, выпаласкаць ix i наліць цёплай вады. Я пастаяў, патоўкся пад рукамі i, калі ўбачыў, што лішні, ніхто на мяне не глядзіць, нікому я не трэба, выйшаў на двор. Не ведаў, што буду рабіць там, але падаўся за хлеў, на поле, далей ад дому. Таптаў на лужынах тонкую намаразь, коўзаўся па старым лёдзе, быў неспакойны, не рады, што вырваўся з хаты. Але вяртацца ў яе не хацелася.
З лесу пачулася, як заляскалі па прымерзлай зямлі колы, зарыпелі гужы ды драбіны. Я ведаў, што едзе мамін брат, дзядзька Янусь, такі ж высокі, дужы, як i мой бацька.
Дзядзька Янусь добры, ён увесь час жартуе, расказвае цікавае ці прынясе які ласунец. Ён амаль штодня катаў мяне на калёсах, садзіў ля сябе i даваў «кіраваць». Я моцна трымаўся за лейцы, ехаў i здзіўляўся, чаму такая вузкая дарога: конь кідаўся з абочыны на абочыну. Дзядзька пасміхаўся i гаварыў, што канём не трэба кіраваць, тузаць яго — ён i сам умее выбіраць дарогу.
Цяпер, як бачылася, дзядзька спяшаўся i не думаў заязджаць да нас. Раней, бывала, заскочыць, паставіць ля хлява каня, падкіне яму сена, зойдзе ў хату, паснедае i паедзе далей.
Сёння ён не заехаў, павярнуў ля сажалкі, што была за паўвярсты адсюль, i выехаў на дарогу-сыпанку, якая вяла да суседняй вёскі, Ніўнага.
У Ніўным ужо з паўгода быў калгас, i нашы хутарскія мужчыны часта хадзілі туды глядзець, як жывуць «калгоснікі». Дзядзька Янусь таксама бываў, памагаў свайму брату-ніўнянцу — вазіў з іхняга калгаснага лесу дровы да «хаткі», дзе варылі калгасным цялятам i коням бульбу, каб падмяшаць яе ў сечку. Я часта ездзіў з ім у Ніўнае, заходзіў да другога свайго дзядзькі, Антуся, які працаваў конюхам.