Читать «Станаўленне» онлайн - страница 165

Генрых Далідовіч

Васіль запыніўся каля зямлянкі. Тут, на дварэ, пасля зімовых маразоў, мяцеліц усталёўвалася пяшчотная сакавіцкая цяплынь. Неба было ўжо высокае, блакітнае, з кучмамі белых воблакаў, з амалоджаным яркім сонцам. Каля зямлянкі, склепа, стажка сена, а таксама ля паднавеса, дзе зімавала карова, якую наказаў ім даць перад смерцю Васюкоў, значыць, там, дзе быў зацішак, прыгрэвак, пачаў асядаць, раставаць снег i паказаліся першыя лапікі зямлі, што ўжо абуджалася, прагла волі, цяпла i жыцця. У паветры ўжо прыемна запахла яе жыццядайным водарам. Надыходзіла часіна вялікай паводкі, а таксама таго чаканага моманту, калі вось-вось павінны былі прыляцець сюды птушкі. Васіль найбольш любіў якраз такую пару, бо адчуваў абуджэнне, радасць у душы, а таксама прагу да працы, да зямлі, да песень, да нейкай новай надзеі ды веры.

Гэткае ж, узнёслае, пачуццё было ў яго i сёлета. Цяпер, праўда, у яго яшчэ быў i вялікі клопат. Усе яго думкі былі найперш пра Яніну; кожны яе адчайны енк, крык ці стогн болем адклікаўся ў яго душы, i заадно ён з нецярпеннем чакаў той хвіліны, калі зямлянка, іхняе жыццё азорацца святлом вялікага жывога поклічу, радасці ды шчасця, калі пасля гэтага зменіцца іхняя доля, зменяцца яны самі, калі сцвердзіцца вялікая i магутная загадка прыроды, свету i род чалавечы павялічыцца, каб не звясціся, а яшчэ болей i далей доўжыцца.

Вось Яніна надзвычай адчайна i доўга закрычала, здаецца, з усёй сілы, i ён, заміраючы, не мог выцерпець гэтага крыку, гэтага болю, заткнуў вушы пальцамі — хоць на хвіліначку нічога не чуць, думаць, што Яніне не толькі палягчэла, але i добра. Цяжка было адчуваць, што ты нічым не можаш памагчы любімаму чалавеку, які цяпер, рыхтуючыся даць новае жыццё, сам, бадай, развітваецца з гэтым светам. Без Янінінага крыку, таксама без ціхай песні капяжу, далікатнай мелодыі марозна-сонечнага паветра зазвінела ў вушах ці ў галаве, i ад гэтага настойлівага, неадчэпнага звону ці, можа, i ад хвалявання задрыжэлі пальцы, рукі. А можа, яны закалаціліся па нейкай іншай, нават невядомай яму прычыне.

«Божа, памажы ёй», — маліў ён у думках. Пасля не вытрываў адлучанасці, адклаў пальцы, каб зноў чуць тое, што робіцца ў зямлянцы, а таксама як ціхенька пяе прырода. I ў гэтую хвіліну аж скалануўся: замест Янінінага крыку пачуў тоненькі адчайна-патрабавальны піск. У яго памлелі ногі ды сэрца аблілося гарачынёю не то ад радасці, не то ад разгубленасці: нарадзілася дзіця! У яго ёсць сын ці дачка! Яны з Янінаю ўжо не маладыя хлопец i дзяўчына, а тата i мама!