Читать «Станаўленне» онлайн - страница 164
Генрых Далідовіч
— Рукі ўверх! Вы акружаны! — пачуўся голас Васюкова. З лугавіны.
Двое, Вяршок i Крушынскі, тут жа апамяталіся — відаць, ад звярынага страху — i з нечуваным спрытам пусцілі чэргі з аўтаматаў на лугавіну. У адказ ім бліснуў, панёсся агонь i з лугавіны, i ззаду — з поля. Амаль у адзін жа час абодва рухнулі на дол як падкошаныя — адзін ткнуўся носам, a другі, нібы пераламаўшыся, — гупнуў на спіну. Нехта з ix дзіка заенчыў.
Васіль ад нечаканасці, а то i разгубленасці, а заадно лішняе імгненне зірнуўшы на тых двух, што замітусіліся пры агні, згубіў спрыяльны момант: незнаёмец, а ўслед за ім i Янка, убачыўшы небяспеку, не страляючы, гойснулі ў супрацьлеглы бок — за склеп, у жыта. Яны былі выразна відаць пры святле, але цяпер Васіль бачыў не так іхнія спіны, a ўсё яшчэ вялікія Янкавы вочы. Той, калі шухнуў на поплаве агонь, устрапянуўся i жудасна вырачыў вочы. Відаць, i ад небяспекі, i ад таго, што яны з Янінаю не перасцераглі яго ад засады.
— Янка! Лажыся! Падай! — закрычаў Васіль, але Янка не падаў, не лажыўся, пёр у поле, — Ян… — Зноў паклікаў ён, але голас яго патануў у аўтаматнай чарзе. Адтуль, з жыта, хлебяснуў аўтамат, выкінуўшы насустрач уцекачам агонь, i кулі заціўкалі ў Васіля каля вуха. Янка i незнаёмец быццам спатыкнуліся; Янка нібы стаў на дыбкі, выцягнуўся, а пасля кульнуўся на бок, незнаёмец, узмахнуўшы рукамі, гопнуўся ніцма.
Нечакана зноў стала ціха-ціха, толькі пры аслабелым святле пачулася, што пахне спалены порах. Да Вяршка i Крушынскага, да Янкі з незнаёмцам з усіх бакоў, прыгінаючыся, пабеглі людзі Васюкова.
— Гатовыя, — сказаў нехта задаволена на поплаве, падбіраючы з зямлі аўтаматы Вяршка i Крушынскага.
Падбіралі зброю i там, дзе ляжаў Янка.
Як не сваімі нагамі Васіль паспяшаўся туды і, дабегшы, пры зусім ужо слабым святле ўбачыў, што Янка шкрэбае праваю рукою па зямлі, глуха стогне. Скроня, шчака яго чамусьці цёмныя-цёмныя — відаць, куля трапіла яму ў галаву, i адтуль, з раны залівае шыю, твар кроў.
— Братцы, — пачулася ззаду, з-пад лугавіны. — Васюкоў забіты…
Тыя, што стаялі ля Вяршка i Крушынскага, пабеглі да таго месца, дзе ляжаў у засадзе Васюкоў; у гэтую ж хвіліну наваколле агаласілася пранізлівым жаночым енкам — з раскінутымі рукамі, галосячы, імчалася ад зямлянкі сюды, дзе стаяў Васіль, Яніна. Але, відаць, позна ўжо было як-небудзь памагчы яе брату…
Эпілог
— Ідзі на двор, — загадала Чапроўская, — Ты нічога не паможаш, толькі будзеш замінаць. Ды i не трэба табе, мужчине, быць тут.
Васіль накінуў на плечы бушлат i яшчэ раз з жалем, са шкадобаю зірнуў на Яніну. Тая, у белай кашулі, накрытая самадзельнаю, пашытаю з усякіх каляровых кавалкаў коўдраю, не зважала ні на маці, ні на яго, моршчылася, нават курчылася ад болю i то стагнала, то лямантавала на ўсю зямлянку, аж, здаецца, сінеючы ў твары.
Ён паслухаў цешчу i выйшаў. Ён ведаў, што цешча (кабета, маці) лепш дагледзіць, паможа Яніне, дык не варта ёй надакучаць, таўчыся ў яе гіерад рукамі. Дзякуй богу, адпусцілася во, прыйшла i ўвесь гэты тыдзень жыве з імі: дагэтуль не толькі не прыходзіла сюды, але, лічы, не гаварыла з імі, не дазваляла, каб паказваліся ёй на вочы i ў Ружэвічах. Яна лічыла, што i яны абое вінаватыя ў Янкавай пагібелі, не ўратаваўшы яго, маладога, няцямлівага. Ён як мог апраўдваўся, Яніна горка плакала, кленучыся, што яны рабілі ўсё толькі для таго, каб якраз адвесці Янку ад бяды, але старая не толькі пакрыўдзілася, а зацялася i нібы зненавідзела. Ніхто яе сюды цяпер не клікаў, сама прыйшла, здаецца, адпусцілася, палагаднела. Праўда, сынава пагібель не прайшла для яе незаўважна: зусім ссівела, пачала выглядаць старою бабуляй.