Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 68

Леў Мікалаевіч Талстой

А жыццё дома ідзе. Прыходзіць гувернантка, пытаецца: «Дзе madame? калі вернецца?» Лёкай пытаецца, ці падаваць чай. Прыходжу ў сталовую; дзеці, асабліва старэйшая Ліза, якая ўжо разумее, запытальна і незычліва пазіраюць на мяне. П’ем моўчкі чай. Яе ўсё няма. Праходзіць увесь вечар, яе няма, і два пачуцці віруюць у душы: злосць на яе за тое, што яна мучыць мяне і ўсіх дзяцей сваёй адсутнасцю, якая скончыцца ж тым, што яна прыйдзе, і страх таго, што яна не прыйдзе і нешта зробіць з сабою. Я паехаў бы па яе. Але дзе яе шукаць? У сястры? Аднак гэта неразумна прыехаць і пытацца. Ды і бог з ёю; калі яна хоча мучыць, няхай сама мучыцца. Яна, мусіць, гэтага і чакае. I наступным разам будзе яшчэ горш. А што, калі яна не ў сястры, а што-небудзь робіць ці ўжо зрабіла з сабою?.. Адзінаццаць, дванаццаць, гадзіна. Не іду ў спальню, неразумна аднаму там ляжаць і чакаць, і тут не кладуся. Хачу чым-небудзь заняцца, напісаць лісты, чытаць; нічога не магу. Сяджу адзін у кабінеце, пакутую, злуюся і прыслухоўваюся. Тры, чатыры гадзіны — яе ўсё няма. Пад раніцу засынаю. Прачынаюся — яе няма.

Усё ў доме ідзе па-старому, але ўсе ў разгубленасці і ўсе запытальна і з дакорам пазіраюць на мяне, мяркуючы, што ўсё гэта праз мяне. А ў маёй душы ўсё тая ж барацьба — злосці за тое, што яна мяне мучыць, і неспакою за яе.

Ля адзінаццаці прыязджае яе сястра паслом ад яе. I пачынаецца звычайнае: «Яна ў жахлівым становішчы. Ну што ж гэта!» — «Ды нічога не здарылася». Я кажу пра цяжкі яе характар і кажу, што я нічога не зрабіў.

— Але гэта не можа так аставацца,— кажа сястра.

— Гэта яе справа, а не мая,— кажу я.— Я першага кроку не зраблю. Разысціся, дык разысціся.

Швагерка ад’язджае ні з чым. Я смела сказаў, гаворачы з ёю, што не зраблю першага кроку, але як толькі яна паехала і я выйшаў і ўбачыў дзяцей, вартых жалю, напалоханых, дык ужо гатовы быў зрабіць першы крок. I рады быў бы яго зрабіць, ды не ведаю як. Зноў хаджу, куру, выпіваю за сняданкам гарэлкі і віна і дабіваюся таго, чаго падсвядома жадаю: не бачу глупства, подласці свайго становішча.

Каля трох прыязджае яна. Сустракаючы мяне, яна нічога не гаворыць. Я лічу, што яна скарылася, пачынаю гаварыць аб тым, што я быў раззлаваны яе дакорамі. Яна з тым жа строгім і страшэнна змучаным тварам кажа, што яна прыехала не для таго, каб выслухоўваць тлумачэнні, а каб забраць дзяцей, што жыць разам мы не можам. Я пачынаю гаварыць, што вінаваты не я, што яна раззлавала мяне. Яна строга, урачыста пазірае на мяне і потым кажа: