Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 47

Леў Мікалаевіч Талстой

Ён азваўся сваім гукам, памаўчаў і адпіў яшчэ глыток чаю.

VI

— Не, зрэшты гэтак лепш, гэтак лепш! — выгукнуў ён.— Так мне і трэба! Але не ў тым справа. Я хацеў сказаць, што ашуканы тут толькі адны няшчасныя дзяўчаты. Маткі ж ведаюць пра гэта, асабліва маткі, выхаваныя сваімі мужамі, ведаюць пра гэта добра. I прыкідваючыся, што вераць у мужчынскую сумленнасць, яны на справе дзейнічаюць зусім іначай. Яны ведаюць, на якую вуду лавіць мужчын для сябе і для сваіх дачок.

Толькі мы, мужчыны, не ведаем і не ведаем таму, што не хочам ведаць, жанчыны ж ведаюць вельмі добра, што самае ўзнёслае, паэтычнае, як мы яго называем, каханне залежыць не ад маральных вартасцей, а ад фізічнае блізкасці, а таксама прычоскі, колеру, фасону сукенкі. Скажыце вопытнай какетцы, якая паставіла сабе за мэту паланіць чалавека, чым яна хутчэй хоча рызыкаваць: тым, каб быць у прысутнасці таго, каго яна заварожвае, выкрытай у хлусні, жорсткасці, нават распусце, або тым, каб паказацца пры ім у кепска пашытай і непрыгожай сукенцы,— любая заўжды аддасць перавагу першаму. Яна ведае, што наш брат усё хлусіць пра высокія пачуцці — яму патрэбна толькі цела, і таму ён даруе ўсе гадасці, а непрыгожай, безгустоўнай сукенкі не даруе. Какетка ведае гэта ўсвядомлена, а любая наіўная дзяўчына ведае гэта неўсвядомлена, як жывёла.

Адсюль гэтыя джэрсі мярзотныя, гэтыя нашлёпкі на зады, гэтыя голыя плечы, рукі, амаль грудзі. Жанчыны, асабліва тыя, якія прайшлі мужчынскую школу, вельмі добра ведаюць, што размовы пра высокія рэчы — толькі размовы, а што мужчыне патрэбна цела і ўсё тое, што выстаўляе яго ў самым прывабным святле; усё гэта і робіцца. Бо калі адкінуць толькі тую прывычку да гэтае агіднасці, якая зрабілася для нас другою натураю, і зірнуць на жыццё нашых вышэйшых класаў як яно ёсць, з усёю яго бессаромнасцю, дык гэта адзін суцэльны публічны дом. Вы не згодны? Дазвольце, я давяду,— сказаў ён, перапыняючы мяне.— Вы кажаце, што жанчыны ў нашым грамадстве жывуць іншымі інтарэсамі, чым жанчыны ў публічных дамах, а я кажу, што не, і давяду. Калі людзі маюць розныя мэты жыцця, калі яны розныя па унутраным змесце жыцця, то гэтая розніца абавязкова адаб’ецца і на знешнасці, і знешнасць будзе розная. Аднак зірніце на тых, на няшчасных пагарджаных, і на самых вышэйшых свецкіх паняў: тыя ж уборы, тыя ж фасоны, тая ж парфума, тыя ж голыя рукі, плечы, грудзі, тое ж абцягванне выстаўленага заду, тая ж пагоня за каменьчыкамі, дарагімі бліскучымі цацкамі, тымі ж пацехамі танцамі і музыкай, спевамі. Як тыя спакушаюць любымі сродкамі, так і гэтыя. Ніякае розніцы. Строга вызначаючы, трэба толькі сказаць, што прастытуткі на кароткі час — звычайна пагарджаныя, прастытуткі на працяглы час — паважаныя.