Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 38

Леў Мікалаевіч Талстой

Я сядзеў наўскасы і, паколькі цягнік стаяў, мог у тыя хвіліны, калі ніхто не праходзіў, чуць урыўкамі іх размову. Купец аб'явіў спачатку аб тым, што ён едзе ў свой маёнтак, які знаходзіцца непадалёку ад наступнай станцыі; потым, як заўсёды, завялі гаворку спачатку пра цэны, пра гандаль, гаварылі, як заўсёды, пра тое, як Масква цяпер гандлюе, потым загаварылі пра Ніжагародскі кірмаш. Прыказчык стаў расказваць пра папойкі нейкага вядомага абодвум багацея-купца на кірмашы, аднак стары не даў яму дагаварыць і стаў сам расказваць пра былыя папойкі ў Кунавіне, у якіх ён сам удзельнічаў. Ён, відаць, ганарыўся сваім удзелам у іх і з непрыхаванаю радасцю расказваў, як яны разам з гэтым самым знаёмым выкінулі аднойчы п'яныя ў Кунавіне такую штуку, што пра яе трэба было расказаць шэптам і што прыказчык зарагатаў на ўвесь вагон, а стары таксама засмяяўся, ашчэрыўшы два жоўтыя зубы.

Не спадзеючыся пачуць нічога цікавага, я ўстаў, каб пахадзіць па платформе да адыходу цягніка. У дзвярах мне сустрэліся адвакат з кабетаю, якія на хаду пра нешта весела гаварылі.

— Не паспееце,— сказаў мне гаваркі адвакат,— зараз другі званок.

I сапраўды, не паспеў я дайсці да канца вагонаў, як пачуўся званок. Калі я вярнуўся, паміж кабетаю і адвакатам усё яшчэ ішла ажыўленая гутарка. Стары купец моўчкі сядзеў насупраць іх, строга пазіраючы перад сабою і зрэдку няўхвальна жаваў зубамі.

— Потым яна адкрыта аб’явіла свайму мужу,— усміхаючыся, гаварыў адвакат у той час, як я праходзіў паўз яго,— што яна не можа ды і не хоча жыць з ім, таму што...

I ён стаў расказваць далей пра нешта, чаго я ўжо не змог разабраць. Услед за мной прайшлі яшчэ пасажыры, прайшоў кандуктар, забег арцельшчык, і даволі доўга стаяў гоман, праз які не чуваць было гаворкі. Калі ўсё аціхла, і я зноў пачуў адваката, размова, відаць, ад прыватнага выпадку перайшла ўжо на агульныя меркаванні.

Адвакат гаварыў пра тое, як пытанне аб разводзе займала цяпер грамадскую думку ў Еўропе і як у нас усё часцей і часцей здараліся гэткія ж выпадкі. Як толькі адвакат заўважыў, што чуваць адзін ягоны голас, ён спыніў сваю прамову і звярнуўся да старога.

— Даўней гэтага не было, хіба не так? — сказаў ён, прыемна ўсміхаючыся.

Стары хацеў быў штосьці адказаць, але ў гэты час цягнік крануўся, і стары, скінуўшы шапку, пачаў хрысціцца і чытаць шэптам малітву. Адвакат адвёў убок вочы і стаў пачціва чакаць. Скончыўшы сваю малітву і тройчы перахрысціўшыся, стары роўна і глыбока надзеў сваю шапку, паправіўся на месцы і пачаў гаварыць.

— Было, васпан, і раней, толькі меней,— сказаў ён.— Па цяперашнім часе нельга гэтаму не быць. Дужа адукаваныя парабіліся.

Цягнік, набіраючы ўсё большую хуткасць, грукатаў на стыках, і мне цяжка было ўчуць, а цікава было, і я перасеў бліжэй. Сусед мой, нервовы пан з бліскучымі вачмі, мусіць, таксама зацікавіўся і, не ўстаючы з месца, прыслухоўваўся.

— Чым жа кепска мець адукацыю? — ледзь прыкметна ўсміхаючыся, сказала кабета.— Няўжо лепей гэтак жаніцца, як даўней, калі жаніх і нявеста і не бачылі нават адно аднаго? — гаварыла яна далей, па звычцы многіх кабет адказваючы не на словы свайго субяседніка, а на тыя словы, якія яна думала, што ён скажа.— Не ведалі, ці кахаюць, а ішлі за каго выпадзе і ўсё жыццё пакутавалі; дык па-вашаму гэтак лепей? — казала яна, мусіць, звяртаючы сваю прамову да мяне і да адваката, але менш за ўсё да старога, з якім размаўляла.