Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 39

Марк Твэн

Любіла мужа вельмі моцна.

Ды іншы чалавек...

— Вось дык шыцьцё, слаўнае й буйнае, прамовіў ён, распасьціраючы куртку і любуючыся ёю, — ў ім відаць свайго роду шляхетнасьць, у параўнаньні з ім дробная фастрыга краўца здаецца гэткаю нікчэмнаю, плебейскаю...

Любіла мужа вельмі моцна,

Ды яе іншы палюбіў...

Вось-жа й гатова — добра зроблена і хутка. Цяпер я збуджу яго, апрану, падам памыцца, накармлю, пасьля пасьпяшым на рынак, што каля Табардскага заезнага двара, ў Саузсуорку і... Прашу ўстаць, гаспадару!... Ён не адклікаецца. Што гэта, вашая вялікасьць! Сапраўды прыдзецца мне зьнячысьціць (тым што дакрануся) сьвятарную асобу — патузаць яго, а то ён сьпіць, як забіты. Што такое!

Ён адкрыў коўдру — хлопчыка ня было.

З мінуту ён азіраўся ў нямым зьдзіўленьні, і толькі цяпер заўважыў, што падранае вопраткі таксама ня было... Тады ён пачаў рвацца й кідацца і трэбаваць гаспадара готэлю. У гэты момэнт увайшоў слуга са сьнеданьнем.

— Кажы праўду, чартоўская парода, альбо капут табе! — зароў ваяка і з гэткаю злосьцю накінуўся на слугу, што ў таго язык адняло ад перапуду й неспадзяванасьці. — Дзе хлопчык?

Няшчасны, са страху, адрывіста й дрыжаўшым голасам, даў гэткае тлумачэньне:

— Толькі што вашая міласьць мелі ласку выйсьці, як прыбег нейкі дзяцюк і сказаў, што вы казалі хлопчыку незабаўна прыйсьці да вас на канец мосту ў Сауасуорку. Я прывёў пасланца сюды, і калі ён збудзіў хлопчыка й перадаў яму даручэньне, дык той крыху пагурчаў за тое, што яго патурбавалі „гэтак рана", паводлуг яго словаў, але зараз-жа нацягнуў свае лахманы і пайшоў з дзяцюком, заўважыўшы толькі, што было-б прыстойней, калі-б вашая міласьць самі зьявіліся па яго, а не пасылалі невядомага чалавека — і гэтак...

— I гэтак... ты балбан! Кожны можа ашукаць цябе. Перавешаць толькі ўсю вашую пароду! Аднак-жа, мо' нічога і ня здарылася з хлопчыкам, — можа й ніхто яго ня скрыўдзіў. Пабягу я за ім. Накрый стол. Пастой, коўдра на ложку была гэтак складзена, як быццам нехта ляжаў пад ёю — гэта як-жа, выпадкова?

— Ня ведаю, вашая міласьць. Бачыў я, як варочаў пасьцель той дзяцюк, што прышоў па хлопчыка.

— Тысяча чарцей! Ўсё гата было падстроена, каб ашукаць мяне... Ясна — ўсё зроблена, каб выйграць час. Паслухай, быў гэты чалавек адзін?

— Адзін, вашая міласьць.

— Ты пэўны?

— Пэўны, вашая міласьць.

— Прыпомні добра, падумай — не сьпяшайся.

Пасьля мінутнага раздумваньня, слуга сказаў:

— Калі дзяцюк прышоў, дык нікога з ім ня было; але вось, прыпамінаю, калі абодва яны апынуліся ў натаўпе на мосьце, адкуль ні ўзяўся нейкі чалавек, выглядаўшы саўсім разбойнікам, — і якраз калі ён падышоў да іх...

— Што-ж тады? Кажы — што, — закрычаў нецярплівы Гэндон, перабіўшы яго.

— Якраз тады натаўп наваліўся і аднёс абодвых, так што я ня бачыў іх болей; а тут паклікаў мяне гаспадар, узлаваўшыся за тое, што запомнілі падаць порцыю стравы, заказаную натарыюсам, хоць я й не вінават, прысягаю ўсімі сьвятымі, і лаяць мяне за гэта няварта.

— Проч з маіх вачэй, ідыёт. Тваё балбатаньне разьюшвае мяне. Стой! Куды бяжыш? Ня можаш хіба пачакаць мінуту? Дык яны пайшлі да Саузсуорку?