Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 33

Марк Твэн

— праўды кажучы, думаецца мне, што гэта мана,

— ці не, але хуткая й пачэсная сьмерць куды лепей дзеля гэткага хлопчыка, як жыцьцё ў гэткае скаціны, як ты. Дык ідзі сваею дарогаю, ды найбарджэй, я ня люблю пустое гутаркі, дый ня вельмі-то й цярплівы ад прыроды.

Джон Канці адступіў, мармычучы пагрозы й лаянкі, і схаваўся недзе ў натаўпе. Гэндон падняўся ў свой пакой, на трэці паверх, і загадаў даць яму есьці. Гэта было ўбогае памешканьне, з мізэрным ложкам і абломкамі рэшты старых мэбляў, бедна асьветленае дзьвюма рудымі сьвечкамі. Маленькі кароль дацягнуўся да пасьцелі і зваліўся на яе, стомлены ад голаду і змогі. Добрую часьць дня й ночы ён прабыў на нагах, — было ўжо каля трэцяе гадзіны пасьля поўначы, — і нічога ў рот ня браў за ўвесь гэты час.

— Калі ласка, пакліч мяне, калі стол будзе накрыты, — і зараз-жа ўпаў у глыбокі сон.

Усьмешка сьлізганула па твары Гэндона, і ён прамовіў у думках:

— Бажуся; гэты маленькі жабрачок залез у чужую кватэру і заўладаў чужой пасьцеляй з гэткай бесцэрамоннасьцю, як калі-б яны былі яго ўласныя — ня пытаючыся, бяз ніякага пазваленьня.

У сваім вар'яцтве ён уявіў сябе прынцам Уэльскім, і стойка вытрымлівае сваю ролю. Бедная безабаронная істота, ён, напэўна звар'яцеў ад благога абхаджэньня з ім. Дык добра, я буду яго прыяцелем. Я выратаваў яго і гэта прыцягвае мяне да яго; дык сапраўды, я й палюбіў бойкага хлопца. Як паважна ён паглядаў на подлы натаўп, як быццам выклікаў яго! А цяпер, калі ён прагнаў пакуту й гора, які-ж у яго мілы, добры й ласкавы тварык. Я буду вучыць яго, вылечу; але, я буду яму старшым братам, пачну сьцерагчы й апекавацца ім, а хто адважыцца лаяць або пакрыўдзіць яго, таму не знасіць галавы, хоць там будзь, што будзе.

Ён схіліўся над спаўшым, і дабрадушна і ласкава гледзячы на яго, далікатненька паляскаў яго па шчацэ і пагладзіў па скудлачаных валасох сваею вялікаю, загарэлаю рукою. Лёгкія дрыготкі прабеглі па целе хлопчыка. Гэндон прамармытаў:

— Аднак-жа, да чаго гэта падобна — нельга пакідаць яго спаць ненакрытага; ён можа моцна прастудзіцца. Але як тут быць? Я збуджу яго, калі вазьму ды пакладу пад коўдру, а яму-ж трэба адпачыць.

Ён пачаў шукаць чаго-нібудзь замест коўдры, але, незнайшоўшы нічога, скінуў свой камзол і ахінуў ім хлопчыка, кажучы: — Я прывык да холаду і магу застацца менш апраненым, ня зьмерзну, — і ён пачаў хадзіць то ўзад, то ўперад па пакоі, каб крыху сагрэцца, і, як раней, гутарыў сам з сабою:

— У сваім хворым уяўленьні ён лічыць сябе прынцам Уэльскім... Дзіўна было-б, каб заставаўся прынц Уэльскі, калі той, што ім быў, цяпер зрабіўся каралём; але хворы розум стаіць на адным: не размысьліць, што цяпер ужо ён павінен быў-бы пакінуць званьне прынца і ўзлажыць на сябе каралеўскае... Калі бацька мой яшчэ жывы, — ў працягу сямёх гадоў, перажытых мною на чужыне, я ня меў ніякае весткі, — дык ён ахвотна прыме небараку й велікадушна прытуліць яго дзеля мяне; мой старэйшы брат, Артур, таксама не адмовіць мне ў гэтым; другі брат Гью... ды я яму галаву рассаджу, калі гэта хітрая і злая жывёліна захоча ўмяшацца... Але, туды мы скіруемся — і не марудзячы...