Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 32
Марк Твэн
Людзі, што радзіліся й вырасьлі на мосьце, лічылі жыцьцё ў кожным іншым месцы несьцярпіма сумным і нямеўшым зьместу. Паміж іншым, расказваюць пра аднаго старыка, які пакінуў свой куток на семдзесят другім годзе жыцьця, з тым, каб адыйсьці на спакой у вёску. Але тут ён пазбавіўся сну, а толькі варочаўся й кідаўся па пасьцелі — гэткай цяжкаю, жахоўнаю і гнёўшаю здавалася яму ціша. Здорава змучыўшыся, ён уцёк у сваё ранейшае памешканьне, худы і страшны, як шкелет, ды йзноў пачаў мірна пацяшацца спакоем і прыемным сном, пад санлівую музыку булькатаўшае вады, сярод грукату, троскату й гоману Лёнданскага мосту.
У тыя часы, якія мы апісваем, мост даваў „наглядныя лекцыі" з ангёльскае гісторыі для дзетак — над яго брамаю часта тырчэлі на жалезных дзідах пасінеўшыя і загніўшыя галовы вядомых людзей. Але мы адхіляемся ад прадмету нашага апавяданьня.
Кватэра Гэндона была ў благенькім готэлі на мосьце. Калі ён са сваім маленькім прыяцелем падходзіў да дзьвярэй, пачуўся нечы адважны голас:
— Ну, нарэшце-ж, ты прыйшоў! Цяпер ужо не ўцячэш, будзь пэўным. Вось я табе ўсе косьці пераламаю, каб ты другім разам не прымушаў нас чакаць, — і Джон Канці выцягнуў быў руку, каб схапіць хлопчыка.
Майльс Гэндон выступіў наперад і сказаў:
— Ня вельмі так, дружа. Памойму дарэмна ты гэтак злуеш. Што табе гэты хлопчык?
— Ён сын мой — калі табе трэба лазіць у чужыя справы.
— Няпраўда! — горача крыкнуў маленькі кароль.
— Сьмела, маладзец, я табе веру, ўсё роўна ці здаровая твая галава, ці звар'яцелая. Бацька табе, ці не гэты нягоднік, а я не аддам цябе, каб пачаў біць ды крыўдзіць, як толькі што гразіў. Дык хочаш застацца са мною?
— Так, так, — я яго ня знаю, ён мне праціўны. Хутчэй памру, як пайду з ім.
— Значыцца, скончана і няма чаго больш талкаваць.
— Калі так, дык пабачым! — выгукнуў Джон Канці, кінуўшыся да хлопчыка, стаяўшага ззаду за Гэндонам, — я цябе сілаю...
— Калі ты, дрэнь, толькі зачэпіш яго, я насаджу цябе на клінок, як гусака на ражон, — прамовіў Гэндон, заступаючы дарогу і ўхапіўшыся за ручку шпагі. Канці адступіў. — Цяпер глядзі, — казаў далей Гэндон, — я ўзяў гэтага хлопчыка пад сваю апеку, калі натаўп гэткіх самых, як ты, нягоднікаў зьбіраўся пакрыўдзіць яго, а можа й забіць. Дык ці ня думаеш ужо, што я аддам яго куды-нібудзь у горшае месца. Ці бацька ты яму,