Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 26
Марк Твэн
ад гэткае штукі. Тымчасам, як у галаве ў яе раілася гэта давіўшая думка, да слыху яе даляцела правільнае дыханьне хлопчыка, і яна пераканалася, што ён заснуў. Калі яна пачала прыслухвацца, дык роўнае дыханьне раптам было перарвана крыкам перапуду, як часта бывае ў трывожным сьне. Гэта выпадковая акалічнасьць неспадзявана нагнала ёй плян, стоіўшы ўсіх ранейшых, разам узятых. Яна адразу пачала пасьпешна, але паціху запальваць сьвечку, мармычучы напамяць:
— Толькі каб паглядзець мне на яго тады — дык зараз-жа пазнаю! З таго самага часу, як ён быў яшчэ маленечкім хлопчыкам, і порах бухнуў яму ў твар, толькі, бывала, што нібудзь раптам спалохае яго, ян ён сьпіць або задумаецца, як ён адразу заслоніць вочы рукою, так, як у той нешчасьлівы дзень, — ды ня так, як усе людзі — далоняю да твару, а заўсёды далоняй ад сябе. Сто разоў заўважвала я гэта, і ніколі не абходзілася бяз гэткага руху, і ніколі ён не зьмяняўся... А, ўжо-ж цяпер я пазнаю!"
Тымчасам яна падпаўзла да драмаўшага хлопчыка, са сьвечкаю, затуленай рукою. Яна пытліва й асьцярожна схілілася над ім, ледзь дыхаючы, падаўляючы неспакойнасьць, і раптоўна падняла сьвечку да яго твару і стукнула аб падлогу суставамі пальцаў, каля самага вуха у хлопчыка. Вочы спаўшага шырока расплюшчыліся, ён палахліва азірнуўся наўкола, але не зрабіў вядомага, характарнага руху рукою.
Бедная жанчына слаба апусьцілася, ахопленая зьдзіўленьнем і горам; але яна змагла ўтаіць сваю неспакойнасьць ды зноў улюляць хлопчыка. Пасьля яна адпаўзла на сваё месца, і аддалася горкім думкам, з прычыны няўдачнага рэзультату пробы. Яна хацела верыць, што вар'яцтва Тома прагнала прывычны жэст, але не магла:
— Не, — сказала яна, — то-ж рукі яго не звар'яцелыя; яны не маглі адвыкнуць ад старога налогу за гэткі кароткі час. Ой, цяжкі дзень выпаў сягоньня на маю долю!
Усё такі, надзея цяпер запала ў яе душу гэтак сама глыбока, як раней няпэўнасьць; яна не магла згадзіцца з прыгаварам, які вынесены быў ёй пробаю. Яна яшчэ раз павінна зрабіць досьлед — няўдача магла быць справаю выпадку. Гэткім чынам, яна будзіла хлопчыка другі і трэці раз, а рэзультат быў той самы, што і першы раз. Тады яна дапаўзла да пасьцелі і, ахопленая горам, заснула.
— Не, я не магу пакінуць яго, — мармытала яна перад тым, — не, не магу... Ён павінен быць маім сынам.
Пасьля таго, як бедная маці пакінула трывожыць прынца і боль ня так непакоіў яго, крайняя змога стуліла яму вочы, і ён папаў у глыбокі, асьвяжальны сон. Праходзіла гадзіна за гадзінай, а ён ўсё спаў, як забіты. Прайшло чатыры ці пяць гадзін, соннасьць пачала слабець. Раптам праз сон хлопчык прамармытаў: