Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 25

Марк Твэн

Затым ён ізноў гучна зарагатаў. Дзеўчыны баязьліва пачалі прасіць за брата:

— Бацька, пусьці яго спаць; адпачынак і сон узмоцніць яго розум, — калі ласка, пусьці.

— Пусьці, — сказала Бэтты, — ён сягоньня болей, як калі, змучаны. Заўтра ён апамятаецца, заўзята возьмецца прасіць міласьціны, і ўжо ня вернецца дамоў з парожнімі рукамі.

Гэтая ўвага працьвярозіла бацьку, быўшага пад чаркаю, і прыпомніла яму аб няпрыемнай акалічнасьці. Ён злосна зьвярнуўся да прынца:

— Заўтра мы павінны заплаціць два пэньні гаспадару гэтае буды, два пэньні — заўваж сабе, за паўгода, а то нам прыдзецца выляцець адсюль. Пакажы-ж, што ты сабраў, гультаю!

— Не зьневажай мяне сваімі нізкімі інтарэсамі, — сказаў прынц. — Паўтараю табе, я каралеўскі сын.

Разьлёгся звонкі ўдар шырокае далоні Канці. трапіўшы ў плячо прынцу; апошні хістануўся і ўпаў на рукі жонкі п'яніцы, прытуліўшай яго да грудзей і абараніўшай сваім целам ад граду штурханцоў і аплявухаў. Спалоханыя дзеўчынкі скуліліся ў куточку; а бабка старанліва выступіла на падмогу сыну. Прынц вырваўся з рук місіс Канці і гучна сказаў:

— Ты не павінна пакутаваць за мяне, добрая жанчына! Хай гэтыя сьвіньні робяць са мною, што хочуць.

Гэтыя словы да таго разьюшылі „сьвіней", што яны, не марнуючы часу, узяліся за справу. I праўда, яны, як мае быць, адластажылі хлопчыка, а дзеўчынкам і маці таксама ўляцела за выраз спачуваньня ахвяры.

— Цяпер, — сказаў Канці, — пайшлі ўсе спаць. Змарыўся я ад гэтай пацехі.

Агонь пагас, і ўсе разыйшліся па сваіх месцах. Калі храпеньне галавы дому й яго маці пацьвярдзіла, што яны сьпяць, дзеўчынкі крыючыся падпаўзьлі да прынца і далікатна прыкрылі яго ад холаду саломай і лахманамі. Маці іхняя таксама падпаўзла да яго, пагладзіла яго па галаве

й залілася над ім сьлязьмі, перарывіста шэпчучы яму паціху словы ўцехі і спачуваньня. Яна прыхавала для яго скарыначку хлеба; але боль пазбавіў хлопчыка ўсялякага апэтыту, — па крайняй меры, да бяссмачных скарынак. Прынц быў крануты яе адважнаю, самаахвярнаю абаронаю і яе спачуваньнем; ён падзякаваў ёй поўнымі дастойнасьці царственымі словамі і папрасіў, каб яна ішла спаць і запомніла аб сваім горы. Хлопчык дадаў, што кароль, бацька яго, не пакіне без падзякі яе шчырае дабраты і адданасьці. Гэтая азнака „ненармальнасьці" ізноў засмуціла яе; яна ўсё прытуляла прынца да грудзей, і, нарэшце, пакінула яго, заліваючыся сьлязьмі.

У той час, як яна ляжала, патануўшая ў цяжкім думах, у душу яе пачало залазіць падазрэньне, што, як ні як, у хлопчыку відно тое, чаго ня было ў Тома. Яна не магла азначыць гэтай асаблівасьці, ня ўмела выказаць у чым яна крылася, але яе чулае матчынае пачуцьцё, як відаць, выкрыла, заўважыла розьніцу. А што, калі хлопчык і сапраўды не яе сын? О, якая недарэчнасьць! Яна блізу што ўсьмяхнулася пры гэтай думцы, ня гледзячы на сваё гора й пакуту. Ўсё-ж такі, падазрэньне не давала ёй спакою, неадступна прасьледавала, мучыла, і яна ня мела сілы прагнаць яго. Яна нарэшце пераканалася, што не супакоіцца датуль, пакуль ня прыдумае пробы, якая напэўна й ясна паказала-б, яе сын гэты хлопчык, ці не, і прагнала-б яе прыкрую дакучлівую няпэўнасьць. О, так, гэта, відочна, быў адзіны выхад з труднага палажэньня; заставалася прыдумаць пробу. Але прыдумаць было лягчэй, як выканаць. Яна перабірала ў галаве адзін спосаб за другім, але павінна была адмовіцца ад усіх, — ніводзін з іх, як мае быць, ня пэўны, ня зусім верны, а няспрытная проба не магла здаволіць яе. Відочна, яна дарэмна ламала галаву — трэба было адмовіцца