Читать «Порт у тумане» онлайн - страница 13

Жорж Сименон

Гэта быў чалавек высокага росту, гадоў прыкладна сарака пяці — пяцідзесяці, ружовашчокі, трохі цяжкаваты. На ім быў шэры строй паляўнічага, на нагах — гетры. Мэгрэ падышоў да яго.

— Пан Гранмэзон? Камісар Мэгрэ, з крымінальнай паліцыі.

— Вельмі прыемна, — машынальна вымавіў мэр і паглядзеў на шынок. Потым зірнуў на Мэгрэ — і зноў на шынок, нібыта кажучы: «Дзіўнаватая кампанія для такой персоны!»

Ён ішоў да шлюза, цераз які трэба было перабрацца, каб выйсці да Жарысавага дома.

— Кажуць, Жарыс памёр?

— Кажуць, — адказаў Мэгрэ, якому мэраў тон не прыйшоўся даспадобы.

Звычайна так паводзяць сябе местачковыя «шышкі», якія ўяўляюць, што яны — пуп зямлі. Апранаюцца, як вясковыя арыстакраты, і аддаюць даніну дэмакратыі, паціскаючы на хаду, бы міжволі, рукі грамадзянам, кідаюць ім пры гэтым два-тры нязначныя словы, а зрэдку нават распытваюць збольшага пра дзяцей.

— І вы ўжо знайшлі забойцу?.. Як я разумею, гэта вы прывезлі Жарыса і… Прабачце, калі ласка…

Мэр падышоў да інспектара рыбааховы, які, відаць, прыслугоўваў яму на паляванні, бо Гранмэзон сказаў яму цяпер:

— Увесь чарот злева трэба выпрастаць… Адна з падсадных качак нікуды не вартая, сёння ўранку была ледзь жывая…

— Добра, пан мэр.

Гранмэзон вярнуўся да Мэгрэ. Па дарозе паспеў паціснуць руку начальніку порта, спытаўшыся:

— Як тут у вас?

— Нармальна, пан мэр.

— Дык пра што, камісар, мы гаварылі?.. Колькі праўды ва ўсіх гэтых расказах пра зашыты чэрап, вар'яцтва і ўсё такое?..

— Як вы ставіліся да капітана?

— Ён служыў у мяне дваццаць восем гадоў. Слаўны чалавек, бездакорны на службе.

— Сумленны?

— Яны тут амаль усе сумленныя.

— Колькі ён зарабляў?

— Па-рознаму, вайна ж усё пераварушыла… Аднак дастаткова, каб купіць дамок. Іду ў заклад, што ў банку ў яго было сама меней тысяч дваццаць пяць.

— А можа, больш?

— Не думаю. Ну, хіба што тысяч на пяць, але не больш.

У гэты час адчынілі верхнія вароты шлюза, і судна выходзіла ў канал, а другое, што прыйшло з Кана, рыхтавалася заняць яго месца ў шлюзе, каб выйсці пасля ў адкрытае мора.

Стаяла цішыня. Людзі сачылі вачыма за камісарам і мэрам. З палубы ангельскага карабля матросы абыякава пазіралі на натоўп, не забываючыся манеўраваць.

— Што вы думаеце пра Жулі Легран, пан мэр?

Пан Гранмэзон прамаўчаў, пасля адказаў:

— Дурніца, якой ускружыла галаву занадта пачцівае Жарысава далікацтва… Думае пра сябе… немаведама што… ва ўсякім выпадку, зусім не тое, што яна ёсць на самой справе…

— А яе брат?

— Я яго ніколі не бачыў… Мне казалі, што нягодны чалавек…

Перабраўшыся праз шлюз, яны падыходзілі цяпер да агароджы Жарысавага дома, каля якой усё яшчэ ашываліся некалькі хлопчыкаў.

— А чаго ён памёр?

— Стрыхнін.

Выгляд у Мэгрэ быў сама рашучы. Ён ступаў паволі, засунуўшы рукі ў кішэні, у роце была люлька, якая пасавала яго шырокаму твару, — у яе ўваходзіла чвэрць пачка махоркі.

На нагрэтай сонцам агароджы ляжала белая кошка. Прыкмеціўшы людзей, яна ўскочыла і ўцякла.