Читать «Порт у тумане» онлайн - страница 15
Жорж Сименон
— У мяне яе ўжо няма!
Мэгрэ паглядзеў на халодны камін, на зачыненае акно.
— Дайце мне яе!
Жулі ўся сціснулася і была цяпер падобная не на дарослую дзяўчыну, а на раззлаванае дзіця. Злавіўшы яе позірк, Мэгрэ зычліва сказаў:
— Дурніца!
Цыдулка была пад падушкаю, на якой Жулі толькі што ляжала. Але замест таго, каб прыціхнуць, упартая дзяўчына зноў пачала наступаць на Мэгрэ, спрабуючы вырваць цыдулку. Яго ж такія паводзіны проста пацяшалі.
— Ну, годзе! — нарэшце пагрозліва вымавіў ён, перахапіўшы руку дзяўчыны.
Цыдулка была кароткая. Адразу ж кінуліся ў вочы нязграбныя літары і мноства памылак: «Калі вернешся з гаспадаром, глядзі за ім, бо ёсць чалавек, які мае на яго зуб. Я вярнуся з суднам праз два-тры дні. Катлет не шукай, я іх з'еў. Твой брат навек».
Мэгрэ апусціў галаву, настолькі збіты з панталыку, што забыўся ўжо зусім на дзяўчыну.
Праз чвэрць гадзіны начальнік порта сказаў яму, што «Сэн-Мішэль» цяпер, мабыць, у Фекане і прыйдзе сюды, калі не пераменіцца вецер, ноччу.
— Вы ведаеце, дзе якое судна ў які час?
Мэгрэ занепакоена паглядзеў на зіхоткае мора — недзе ўдалечыні віднеўся адзінокі дымок.
— Паміж портамі існуе сувязь. Паглядзіце, вось спіс суднаў, якія мы чакаем сёння, — паказаў капітан Дэлькур на чорную дошку, што вісела на сцяне партовай канторы: там былі напісаны крэйдаю назвы суднаў.
— Знайшлі што-небудзь?.. Не верце надта таму, што расказваюць… Нават калі гэта людзі сур'ёзныя!.. Ведалі б вы толькі, колькі тут можа быць розных дробных разлікаў!.. Зайздрасць, якая-небудзь крыўда, — сказаў Дэлькур, памахаўшы рукой капітану судна, што выходзіла ў мора. Потым, зірнуўшы ў бок шынка, уздыхнуў. — Убачыце самі!
Гадзіны ў тры дня прадстаўнікі пракуратуры закончылі агляд дома нябожчыка, выйшлі на двор, адчынілі садовую брамку і накіраваліся да сваіх машын, каля якіх сабралася нямала вістрэамцаў.
— Мабыць, тут багата качак! — сказаў пракурораў намеснік мэру, акінуўшы позіркам наваколле.
— Сёлета не вельмі… А вось летась…
Мэр кінуўся да першае машыны, якая кранулася з месца.
— Спынімся на хвілінку ў мяне, добра? Жонка чакае нас…
Мэгрэ застаўся на вуліцы адзін, і мэр, хочучы здавацца ветлівым, сказаў яму:
— Едземце з намі. Вам трэба пабыць трохі з гэтымі людзьмі.
У капітанавым доме засталіся толькі Жулі і дзве жанчыны, а каля дзвярэй палявы вартаўнік чакаў фургон, які павінен быў забраць нябожчыка ў Кан.
У машынах размовы ўжо дужа выдавалі на тыя, што нярэдка здараюцца пасля пахавання і заканчваюцца ў люднай кампаніі вельмі і вельмі весела. Мэгрэ ўладкаваўся не лепшым чынам: сядзеў на адкідным крэсле. Мэр гаварыў з пракуроравым намеснікам:
— Калі б гэта залежала ад мяне аднаго, я жыў бы тут увесь год. Але жонцы вёска не вельмі даспадобы, таму і жывём больш у нашым доме ў Кане… Цяпер яна вярнулася з Жуан-ле-Пэн, дзе адпачывала месяц з дзецьмі…
— Колькі гадоў старэйшаму?
— Пятнаццаць.
Партовыя служачыя глядзелі на машыны, што праехалі акурат міма іх, з відавочнай цікаўнасцю.
Неўзабаве пад'ехалі да мэравай вілы. Стаяла яна каля дарогі на Ліён-сюр-Мэр. Гэта быў вялікі дом, пабудаваны ў нармандскім стылі. Вакол яго былі газоны з белымі агароджамі і фаянсавымі фігуркамі звяркоў.