Читать «Порт у тумане» онлайн - страница 12

Жорж Сименон

Мэгрэ выдатна яго разумеў. Ён правёў у чысцюткім доме Жарыса, дзе ўсё так і патыхала добрым буржуазным парадкам, некалькі гадзін. А цяпер бачыў заўзятых наведнікаў шынка, людзей нашмат прасцейшых за нябожчыка. Яны, напэўна, прапускалі тут чарку за чаркаю. Гамонка рабілася ўсё больш гучная, вольная, нязмушаная.

— Жарыс шмат выпіў у той вечар?

— Ён ніколі не піў больш аднае чаркі, — сказаў таможнік, якому, як было відаць, не цярпелася далучыцца да гаворкі. — І не паліў!

— Ну, а… скажыце… у яго з Жулі…

Усе пераглянуліся. Некаторыя нерашуча заўсміхаліся.

— Цяжка сказаць… Жарыс кляўся, што не… Толькі…

У гаворку зноў уступіў таможнік:

— Жарыс заходзіў сюды толькі, каб пагуляць трохі ў карты. Ніколі не расказваў пра сваё прыватнае жыццё і ішоў дамоў пасля першай чаркі.

— Жулі ўжо каля васьмі гадоў жыве ў яго доме… Тады, як ён яе ўзяў да сябе, ёй было шаснаццаць… Была простая вясковая дзяўчына, лічы, смаркатая, кепска адзетая…

— А цяпер…

Падышла афіцыянтка, хоць яе ніхто і не клікаў, і зноў наліла рому ў шкляначкі, на дне якіх засталося крыху кавы. Мабыць, гэта таксама ўваходзіла ў рытуал.

— А цяпер вунь яна якая… Ну, вось… На вячорках яна ніколі не танцуе абы з кім… Калі хто ў краме з ёй па-простаму, дык яна ўжо сярдуе… А хто ты такая, калі ўжо на тое пайшло?.. А вось брат у яе…

— Брат?..

Механік паглядзеў таможніку ў вочы. Але Мэгрэ перахапіў гэты позірк.

— Камісар усё роўна дазнаецца пра яго! — сказаў таможнік, які, відаць, прапусціў сёння ўжо каторую добрую шкляначку. — Яе брат адбыў на катарзе восем гадоў… Неяк напіўся вечарам з сябрамі ў Анфлёры, ну, і нарабілі на вуліцы гвалту… Падаспела паліцыя, і хлопец так прыклаўся да аднаго паліцэйскага, што той праз месяц памёр.

— Ён — марак?

— Раней хадзіў у дальнія рэйсы, а потым вярнуўся сюды. Плавае цяпер на шхуне «Сэн-Мішэль» з Пэнполя.

Капітан Дэлькур занерваваўся.

— Хадзем! — сказаў ён, устаючы. — Пара ўжо…

— Параход яшчэ ў шлюз не ўвайшоў, — уздыхнуў таможнік — гэты не надта спяшаўся.

— «Сэн-Мішэль» бывае тут хоць калі?

— Але, заходзіць…

— Ён быў тут шаснаццатага верасня?

Таможнік, усё роўна як апраўдваючыся, сказаў суседу:

— Ён бы ўсё адно даведаўся пра гэта з партовага журнала!.. Быў ён тут… З-за туману яны нават правялі на ўваходзе ў порт ноч і адплылі толькі на золку…

— Куды?

— У Саўтхэмптан. Дакументы правяраў я… Яны везлі з Кана будаўнічы камень.

— А больш брата Жулі тут не бачылі?

Цяпер таможнік завагаўся. Уздыхнуў, дапіў ром.

— Трэба спытаць у тых, хто кажа, што бачыў яго ўчора… Асабіста я яго не сустракаў.

— Учора?

Таможнік паціснуў плячыма. У акно было відаць, як праходзіць паволі між муроў шлюза, узвышаючыся над усім портам, велізарны чорны параход — яго труба плыла над старымі дрэвамі ўздоўж канала.

— Мне трэба ісці…

— Мне таксама…

— Колькі з нас, прыгажуня? — спытаўся Мэгрэ.

— Заплаціце другім разам. Гаспадыні цяпер няма…

Людзі, якія ўсё яшчэ чакалі, ці не здарыцца што-небудзь цікавае каля Жарысавага дома, назіралі цяпер за ангельскім параходам, што стаяў ужо ў шлюзе. Мэгрэ выйшаў з шынка. У гэты момант да порта падыходзіў нейкі мужчына, і камісар здагадаўся, што гэта мэр, якога ён бачыў ноччу здалёк.