Читать «Паэзія розных гадоў» онлайн - страница 8

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

"I чаго гэта, таварыш..."

І чаго гэта, таварыш, Так заўжды бывае, Што удома часта марыш Аб нязнаным краі? А як лёс туды закіне - Сэрца сніць заўсёды Пра звычайную асіну На родным гародзе. 

Энтузiясту

Ўсё жыццё ён збіраў дыяменты народныя Па шляхах Беларусі і ў спёку і ў сцюжу, Ўсё жыццё яго сэрца высакароднае Працавала няўтомна і білась напружана. Ў гуках злоўленай песні жыло незвычайнае: Шчасце новых гадоў над радзімаю мілай, Спеў жалейкі над рэчкаю, гукі адчаю, - Ўсё, чым людскае сэрца вякамі жывілася. Песні сытых дажынак у жнівеньскім садзе, Кліч купальскіх агнёў здалёку і зблізку, Песні жніўных палёў, песні гора і радасці, Песні маці над першай дзіцячай калыскаю. І не штучнаю кветкай, а кветкай сапраўднаю, Не ў паперы, а ў гуках, дарагіх і любімых, Ўстала песня народу простай, як праўда, І такою вялікай, як гэта магчыма. Ціха ў зале. І твар яго думкай асвечаны. Кажа ён пра фальклору адценні і фарбы, Кажа нам пра жыццё, што адному прысвечана - Збераганню народных, нязлічаных скарбаў. "Піце з чыстай крыніцы, з напеваў матчыных, Сцеражыцеся, хлопцы, частушкі таннай, Паважайце, любіце бацькоўскую спадчыну - Ўсё сплыве, а легенда і песня застанецца". Хай не ўсё у жыцці так як след атрымалася, Памятайце, настаўнік, што слова плённае Як зярнятка на добрую глебу ўпала, І у сэрцах юнацкіх зарунела, зялёнае. Шмат яшчэ спадкаёмцаў вам трэба выкаваць. Будзе шлях пераможным, слаўным, бяскрайнім. На вялікія справы - і сэрца вялікае, На вялікае сэрца - і лёс надзвычайны. 

Балада пра чалавека, які змагаўся са смерцю