Читать «Пасмяротная гісторыя аднага цецерука» онлайн

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Пасмяротная гісторыя аднага цецерука

І

У глыбокім — хоць вока калі — начным змроку замігцеў жоўты хворы агеньчык. Вырысавалася рама акна, і пад ёй, цьмяна, мокрыя віцы парэчак. Потым той, хто запаліў святло, выйшаў на ганак і закашляўся. Яму было цяжка дыхаць раніцой, і кашляў ён доўга, надрыўна.

— Гаўрыла, — пачуўся голас з хаты, — дзверы зачыні.

Вухнулі дзверы, і Гаўрыла, спусціўшыся з ганка, падышоў да студні. Зарыпеў асвер, скардзячыся на беспрытульнасць у халодных начах прадвесня, і на зрубе хутка апынулася пякучае ад халоднай вады вядро.

Гаўрыла напіўся, хрумснуў ільдзінкай і прыслухаўся. Ноч была спакойнай, чуваць было нават, як за кіламетр, у яры Калаверць, спявае ручай.

Але гукаў сякеры нідзе не было чутна. I гэта было добра. Ільдзінка ўпала ў студню, і ў глыбіні пачуўся лёгкі ўсплеск, быццам там мятнулася рыба.

У хаце пасля двара было па-дурному душна — сякеру вешай. Цвыркун цягнуў за печкай сваю няхітрую песню. Усё было, як трыццаць год таму, калі прыйшоў ён з жонкаю ў гэту лясную вартоўню.

Сыну тады было чатыры гады, і жонка была маладая і прыгожая. Цяжка ёй было тут. Нават уцякла ад яго да сваякоў, але тыя ў галодны год усе памёрлі, і ён зноў павёў яе ад сяла, пакінуўшы жывым гаспадарку.

Твар Катарыны зараз ляжаў на чырвонай падушцы такі стомлены, што Гаўрыла пахітаў галавою. Калі ён, няўклюда, у розныя бакі, ступаючы па падлозе куцапымі вялікімі ступнямі, падышоў да печкі, жонка ледзь уздыхнула ў сне. Але як толькі ён выцягнуў адымачам гаршчок з цёплай капустай, яна спусціла ногі з ложка:

— Ты б хоць малачка пасёрбаў, горачка ты маё. I кнот адкруці, бо вехаць замест мяса з'ясі.

— Баяўся цябе разбудзіць, — адказаў ён хрыплым, бы ў бочку, голасам, — а за малаком не пайду, цёмна там.

I адразу пашкадаваў на свае словы, бо таўстапятыя расплясканыя ногі жонкі зашлёпалі аб халаднаватыя дошкі падлогі.

Рукі Катарыны паставілі перад ім гарлач з малаком. Вялікія, чорныя, як зямля, рукі: на іх і толькі на іх увесь час вісела гаспадарка.

Яна не лягла, а села насупраць яго і пачала глядзець, як ён есць.

— Гора мне з тваім паляваннем. Не на абход, дык на зайцоў. Вала за гэты час з'ясі, а зайцам закусіш.

— Што ж зробіш, мамка. Грошы патрэбны. I шуба ў цябе дрэнь. Зноў-ткі порах казённы на сваё паляванне мне паліць не выпадае. А ў паляўнічым саюзе, на базе, аб'явілі, што прымаюць цецерукоў… Вось занясу ў мястэчка і здам.

— Нашто табе на базу? Скулля яны заплоцяць.

— Да горада далёка. Вядома, у саюзе ў тры-чатыры разы танней заплоцяць. Але зноў-такі там і шрот і порах можна ў неабмежаванай колькасці купіць… Стрэльба ў мяне стала як флейта. Я пра бескуркоўку і не кажу, хоць бы звычайную тулку, за чатырыста… Зноў-ткі саюз. Вось логва ваўчынае падсачыў. Можа, за шкуры ў прэмію дадуць тулку.

Мігдалевідныя чорныя вочы жонкі, вочы першай калісь на сяле красуні, закрыліся.

— Баюся я за цябе, Гаўрусь. Гады не тыя, каб швэндацца за ваўкамі… I не хадзі ты босы да студні. Бач, ногі чырвоныя… Я табе і боты тлушчам гарачым змазала… з касцяной сажай. Сухія будуць ногі, а боты чорныя. Будзеш ты ў мяне прыгожы.