Читать «Пасмяротная гісторыя аднага цецерука» онлайн - страница 5

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Вось які я малайчына. Глядзіце ўсе. Гэта я! Я!

I пад гэтую лікуючую, ганарлівую песню Гаўрыла асцярожна павёў руляй стрэльбы і, нечакана для сябе, націснуў спуск.

Шрот з блізкай адлегласці кучна ўвайшоў у касача. Гаўрыла быў добры стралок і ведаў, што не зачэпіць цяцерку. Яна сапраўды ўляцела, а касач зваліўся на зямлю, бяссільна заламіўшы крыло.

I твар Гаўрылы раптам наліўся барвянай чырванню. Упершыню за ўсё жыццё ён саромеўся свайго стрэлу.

Адвечная прыгажосць спявала на весняй паляне, ганарылася перамогай. Нашто ж яе? Дзеля чаго?

"Ты ж зараз усё адно не патрэбен ёй", — з горыччу падумаў Гаўрыла, падбіраючы цецерука.

Ён быў прыўкрасны. Гладкае, зусім яшчэ не жылаватае цела, зялёны адліў каля шыі, які паступова знікае ў мёртвай птушкі, бяссільна звіслая галава з чырвонымі строгімі бровамі.

Гаўрыла падабраў астатніх і хуткімі крокамі рушыў з паляны. Ён ведаў, што заўтра не прыйдзе на такавішча.

Прайшоўшы палову дарогі, ён сеў у котлішчы, дзе было цяплей і таму высыпаў россып ранніх смарчкоў, падобных на сушаныя грушы з узвару, і з'еў лусту хлеба з мяккім салёным агурком. Жаваў ён цяжка, як замораны конь: жаўлакі рухаліся па няголеных шчоках.

Думкі былі невясёлымі:

"Адспяваў ты сваю песню, братка. За што прыгажосць такую?.. I ты спяваў, і ты ганарыста чуфыкаў. А зараз…"

Але думаць пра гэта было непрыемна, і ён пакінуў.

…Дзве хаткі ў лесе ён пабачыў, калі ўжо добра абадняла. Задворкамі ён падышоў да густых бэзаў і пачуў голас жонкі, што перакідвалася праз плот словамі з адзіным суседам, аб'ездчыкам Сідарам Ворчыкам, былым зухам-кучаравічам і згубай дзявочых сардэц, а зараз бацькам вялікай сям'і. Размаўлялі пра Цесляка, што прыходзіў учора і, хоць ведаў, што Гаўрыла Войтаў ніколі не крадзе лес, прапаноўваў пэўныя грошы за бярвенні на хату.

— Балабайка ён, — прыгожым тэнарам казаў Ворчык, — толькі што струнаў няма. Калі з яго віно выціснуць — застанецца не чалавек, а непрыемна пахнучы маляс. А ў нас з вамі, суседка, "сонца на закаце і ўрэмя на ўтраце". Таму нам трэба рупіць пра спакойства душэўнае.

— А ўжо ж вядома, не такі ён, як наш Паўлюк, — з уздыхам сказала жонка, і Гаўрыла зморшчыўся, бо не любіў размоў пра сына, — наш чалавек сумленны, хоць і сябра Цесляку ў дзяцінстве. Ён у нас вялікі чалавек, кандыдатам завецца. Самы таленавіты знаўца кніжак. Усе яго любяць, — ён і да міністраў, напэўна, заходзіць. Вось хоць бы… грошай мы ў яго і не прасілі, а ён часам дашле якую сотню. Піша, даслаў бы і больш, але ў яго "расходы на прадставіцельства". Во! Нам, вядома, не так і патрэбныя тыя грошы, не ў горадзе жывем. У нас на мой дзень, на Катарыну, п'юць простую гарэлку, а тое, грэшным чынам, і самагонкі для сябе наварым у такі дзень. Я і напісала, каб пра нас вельмі і не думаў: пражывем. Ён паслухаўся, пачцівы ён. Толькі рэдка прыязджае. Цябе яшчэ не было тут, як ён з жонкай прыязджаў. Такая распрыгажунечка, акуратненькая, толькі худаватая, быццам есці няма чаго. I сціплая, не мянтуха языком. Каб гэта каго-кольвек абгаворваць, дык не. Паўлючок казаў, што вельмі яна яму на жыццёвай дарозе дапамагае. Ды, відаць, не спадабалася ёй тут. Нетры, а яна жанчына маладая, вясёлая.