Читать «Пасмяротная гісторыя аднага цецерука» онлайн - страница 11

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Парагаталі. Выпілі. Іван балбатаў далей:

— Але ж мы не такія. Мы — не цецерукі. Мы людзі. Мы — стаўпы. Таму будзь мудрым, як змій. Мы не дзеці, мы ведаем, што пляваць на гэтую народную літаратуру, што ўся соль толькі ў тым, каб праштурхацца да кармушкі. Але ж скажы пра гэта пры надта ўжо сумленным начальстве — такога дадуць салдацкага хлеба пад зад, што смяротнай гікаўкай загікаеш. Вось і крычым громкія словы.

— Ну-ну, — пакрыўдзіўся Павел, — ты мне народ не руш. Я — ягоная косць.

— Дэмагог ты, прабач. Дэмагогчык. Люблю-у я цябе за шчырасць. Ты хоць памятаеш, як гэтая штука завецца: дзяржак, папярочына, а на ёй драўляныя зубчыкі.

— Чаму не, — змрочна і сур'ёзна адказаў даволі п'яны Войтаў, — я ведаю. "Граблі" гэта штука завецца.

I абодва зноў засмяяліся. За акном ляжала на верхавінах дрэў ноч, ніяк не магла спусціцца на імшары, разводдзі якіх яшчэ адлівалі жоўтым халодным агнём.

Хутка Павел устаў і павёў да свайго купэ асавелага сябра.

— Б-баінькі трэба, Павёлка? Добра, я зараз… зараз. Заўтра нам з табою за труды праведныя брацца…

Рэстаран зусім апусцеў. Толькі цягнік ірваў сваімі агнямі ноч, тахкаў па стыках, будзіў на глухіх азёрах цішыню.

На талерцы, што ўздрыгвала на непрыбраным кутнім століку, засталася толькі адна абгрызеная да белаты костачка.