Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 2

Владимир Георгиевич Машков

Я, па шчырасці, здрэйфіў. Таму што двоек у мяне — не адна, не дзве, а разы ў тры больш. Гальштук дастаў, гладзіў яго доўга, ледзь ён у мяне не згарэў. Прыйшоў у залу, ціха сеў з краю, ціха гляджу і слухаю.

А на сцэне вось што адбываецца. Выходзяць дзяўчаткі і па шпаргалках — а яшчэ выдатніцы — бойка шпараць даклады: “Вучэнне — святло, а невучэнне — цемра”, “Пяцёркі — нашы пуцяводныя зоркі”, “Веды — нашы крылы”… І ўсё так гладка і зграбна. А пра нас, пра двоечнікаў, ані слова, ані паўслова, ну зусім анічога не кажуць. Вось, думаю, любата…

А даклад ідзе за дакладам, і ўсе такія доўгія… І адчуваю я, што павекі мае зліпаюцца, а галава так і хіліцца да спіны рыжага Ўладзькі Шлыка, што сядзіць наперадзе мяне.

Заснуў я, спадары! А скажу я вам па сакрэце, уначы я храплю жудасна. Нават мама, звыклая да майго храпу і свісту, і тое часам спалохана падхопліваецца і лаецца:

— Сумлення ў цябе няма. Цэлы дзень на нагах, дай хоць уначы адпачыць.

Я кажу:

— Я больш не буду, мама. — І засынаю.

Дык вось, на зборы, акурат калі наш акулярнік — Лёнька Аляксандраў з трыбуны сказаў: “У нас ёсць асобныя вучні, якія не зусім разумеюць, як неабходныя веды нам, тым, хто ідзе на змену нашым бабулям і дзядулям, нашым бацькам, дзядзькам і цёткам”, - акурат у гэты момант з майго рота вырваліся першыя хрыплыя гукі.

Гэта было як сінгал горна, які будзіць на зары піянерскі лагер, як школьны званок, што весела і бесцырымонна перарывае нудлівы ўрок! Усе радасна паўскоквалі, сталі паказваць на мяне пальцам і рагатаць.

Але мне пра гэта потым расказалі. А тады я нічога не чуў і не бачыў і толькі сваё “хр-р-р!” прадаўжаў.

Тут Галка Наважылава як зыкне:

— Раскатурхайце вы гэтага парушальніка!

Я адразу прачнуўся, абвёў позіркам аднакласнікаў, якія заліваліся рогатам, панурыўся і пашкандыбаў да выхаду.

А мне наўздагон Лідзія Іванаўна, класная:

— Карабухін, каб заўтра быў у школе разам з маці!

Прыватнаўласніцкая рэйка

Вы, спадары, хочаце даведацца, што было пасля збору?

Ой, спадары, не пытайцеся. Пасля збору быў яшчэ адзін збор.

Наша важатая Кіра сказала:

— Трэба асудзіць Карабухіна.

Я спытаў:

— На колькі?

Важатая Кіра не зразумела:

— Што на колькі?

— Я хачу спытаць, на колькі гадоў мяне асудзіць?

Важатая Кіра ўся спалатнела.

— Ты, Валерый, ніяк не навучышся весці сябе па-людску.

Важатая Кіра — з 10 “А”. Іх там цэлы клас рыхтуюць у важатыя, вучаць, як знаходзіць падыход да дзяцей, то бок да нас. І, напэўна, Кіры ўнушылі: “З дзецьмі патрэбна строгасць, інакш яны на шыю сядуць”. Або штосьці накшталт таго. Вось яна і прымяняе свае веды на практыцы.

— Дарагія мае, хто хоча выступіць? — хадзіла па радах і тармасіла ўсіх важатая Кіра. Потым павярнулася да Галкі Наважылавай:

— Што ж ты, Наважылава, не вядзеш? Вядзі.

І Галка павяла:

— Ну, гаварыце ж, гаварыце! Хто хоча сказаць?

Аднакласнікі ўнікалі палкіх Галчыных вачэй, нізка схілялі галовы, робячы выгляд, быццам нешта разглядаюць на выцертых уласнымі рукамі партах.