Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 26

Владимир Георгиевич Машков

Я не буду распавядаць, як прымчалася “хуткая дапамога”, як усё потым высветлілася, і што сказала мама, і што падумала Іра. Вы ўжо хораша знаёмыя з маім жыццём і лёгка ўсё гэта сабе ўявіце.

Я толькі распавяду, як назаўтра да мяне дамоў зноў прыйшла Іра.

Яна раздзелася ў калідоры, я хацеў ёй дапамагчы павесіць паліто, але яна цвёрда адвяла маю руку і моўчкі прайшла ў пакой.

Іра села на стул і рэзка адгарнула падручнік фізікі:

— Будзем займацца.

— Будзем, — паўтарыў я і прысунуў сваё крэсла бліжэй да Іры.

— Пачнём з фізікі, - строга сказала Іра.

— Пачнём, — як рэха, паўтарыў я.

Іра рашуча трасянула галавой.

— Ты павінен ведаць, што без фізікі ў наш час вельмі цяжка што-небудзь зрабіць, нават жыць цяжка.

— Так, цяжка. Мне вельмі цяжка. жыць. без фізікі, - зацягнуў я.

— Калі ты зараз жа не скончыш свае крыўлянні, я пайду!

Я ніколі не бачыў Іру такой сярдзітай, твар яе палаў, як пірог, выцягнуты з духоўкі.

— Я не крыўляюся, — раззлаваўся я. — Я заўсёды гавару сур’ёзна. Гэта вам усім здаецца, што я крыўляюся. Усе прывыклі і думаюць, што я клоун. І як убачаць мяне, то адразу раты ва ўсмешачку расцягваюць — чакаюць, што смяшыць буду. А я не клоун, я чалавек. І мне крыўдна, што мяне не разумеюць.

Іра выслухала мой маналог вельмі сур’ёзна, вочы яе гарэлі. Яна сказала:

— Я веру, што ты добры чалавек. Разумееш?

— Разумею, — я пракаўтнуў сліну. — Каб усе былі такія, як ты.

Я ўсміхнуўся Іры. Яна таксама ўсміхнулася.

— Слухай, паедзем у нядзелю ў Зялёнае на лыжах. Там ёсць такі кар’ер — любата! — выпаліў я.

— Паедзем, — згадзілася Іра. — Я вельмі люблю катацца з гор.

— Я таксама. І Сёмку з сабой прыхопім. Сёмка — файны хлопец.

— Мне Сёмка падабаецца. Ён вельмі добры.

— Да-мо-ві-лі-ся, — я размахваў рукамі і бегаў па пакоі.

— А цяпер зоймемся фізікай. — Іра была няўмальная.

Мае рукі яшчэ працягвалі цялёпкацца ў паветры, але іх рухі сталі запаволенымі. Ведаеце, як прапелер спыняецца.

Я сеў за стол:

— Зоймемся.

Іра зноў разгарнула падручнік фізікі. Я слухаў, што яна гаварыла, і глядзеў на яе. І ўсё ніяк не мог зразумець, як гэта мне не ўдалося ад яе пазбавіцца. Толькі потым мне прыйшло ў галаву, што я, мабыць, не надта хацеў ад яе пазбавіцца. Мне нават было прыемна, што такая дзяўчынка са мной займаецца.

А пра маму казаць няма чаго. Калі яна ўбачыла мяне, схіленага над кнігай, і не над нейкімі там “Трыма мушкецёрамі”, а над самавітым падручнікам фізікі, мама проста расчулілася. Яна частавала Іру ўсялякімі пячэннямі-варэннямі ды прыгаворвала, каб тая прыходзіла як найчасцей, што яна добра ўплывае на мяне, шалапута.

Вось дык сустрэча!

Адзін раз, калі мы скончылі займацца і мая галава гудзела ад формул і задачак, Іра прапанавала:

— Хочаш паслухаць, як я граю?

— Хачу, — не надта весела адказаў я. — Ты з усіх сіл пабарабаніш па клавішах, і я ўсё пачую.

Іра жыла на чацвёртым паверсе, а я на другім. І каб яна пастаралася, я б пачуў, як яна грае, седзячы ў сябе дома.

— Ты ўсё жартуеш, — пакрыўдзілася Іра. — А я і праўда няблага граю. Настаўніца кажа, што ў мяне добрыя музычныя дадзеныя, — пахвалілася яна.