Читать «Пад сінім небам» онлайн - страница 4

Наталья Арсеньева

Песьня

Па вузкіх палосках, па нівах Ляціць яна ў сумную даль, I чутны ў яе пералівах Заўсёды — ці смутак, ці жаль. Ня шэпчуць ў задуме бярозы, Ня жаліцца рэчцы чарот — Не, гэта адвечныя сьлёзы Свае вылівае народ. Ня хіліцца ў полі каліна, Вітаючысь зь яснай зарой — Не, гэта гаруе дзяўчына Над доляй гаротнай сваёй. Ня ветры у полі шырокім Панура і глуха шумяць — Не, жней гэта горам глыбокім Цягучыя песьні зьвіняць. Відаць, што гаротна іх доля, Што шмат у іх жыцьці клапот, Бо ў песьнях нячутна ніколі Вясёлых ці радасных нот…

II. Абразкі

Вясна

З кажнай хмаркі ў небе празрыстым, з кажнай лужынкі сьветлай і чыстай            усьміхаецца ясна вясна! Надзяць сіняй нябёсныя далі, ручаі звон і грукат узьнялі,            запраўды, надыходзіць вясна! Сьнег ляжыць яшчэ коўдрай ваўнянай пад узгоркам, а вецер вясьняны            ўжо прымчаўся ні згэтуль, ні стуль, абсыхаюць у садзе сьцяжыны, і набраклыя яблын галіны            прагна йрвуцца да сонца касуль. Сэрца б’ецца трывожна, няроўна, мне і сумна, й вясёла-чароўна,            вусны ціха шапочуць: «Вясна…» Недзе радасьці дзіўнай падзецца, ўсё сягоньня зрабіла б, здаецца,            бо папраўдзе на сьвеце вясна!

*** Сьветла спакойна лёгка бяз конца…

Пасьвячаецца маім таварышкам Оле, Лідцы і Галі.

Сьветла, спакойна, лёгка бяз конца, Грэе і лашчыць вясеньняе сонца. Сінія далі ў імгле нягустой, Лес прад вачмі вырастае сьцяной. Сьнег між кустамі, між пнямі бялее, Ветрык вясеньні, жартуючы, вее З поля, дзе густа чарнее зямля, З поля, дзе сёньня пануе вясна. Там, дзе з блакітам зьліваюцца далі, Горы палоскаю сіняю ўсталі, Места там недзе, між гор залягло, Ў дымцы хавае сваё хараство. Звоняць у Вільні ледзь чутна і гукі Сэрца чапаюць знаёмаю мукай. Ціха… а тут, паміж соснаў старых, Ўецца дарога да елак густых, Ўецца, зьнікае, ізноў выбягае, Поле і сьнег у кустох агібае, Ўецца лагчынкай, дзе цені ляжаць, Сосны дзе ў сіняе неба глядзяць. Ціха, ўсё ціха… Заплюшчыўшы вочы, Тут-бы, на сонцы, сядзела да ночы, Твар прылажыла-б да цёплай зямліцы, Слухала-б грукат вясеньні крыніцы, Слухала-б тое, што ветрык пяе, Ўсё, што гаворыць душы аб вясьне… Сьветла, спакойна, лёгка бяз конца, Грэе й ласкае вясеньняе сонца!