Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 88

Алесь Бадак

— Добры дзень, гаспадар,— жаласна сказала госця.— Ці не пусціш мяне ў свой дом крыху адпачыць з дарогі?

"Яшчэ і здзекуецца з мяне!" — злосна падумаў Ваўкалак, але ўголас прамовіў дружалюбна:

— Чаму ж не пусціць, заходзь, калі ласка.

Жанчына яшчэ ніжэй апусціла галаву і, цяжка перастаўляючы ногі, паплялася паперадзе Ваўкалака.

— Добры дзень у хату! — сказала яна з парога, спадылба разглядаючы жыхароў дома, выбрала вачыма адно з крэслаў і рушыла да яго.

— Стамілася я, цэлы дзень без пярэдыху ішла. У горле перасохла, не дыхнуць.

— Я прынясу чаю,— замітусілася Сіямская Кошка.

— Два кубачкі, калі можна,— папрасіла госця.

Калі кубачкі з чаем апынуліся на стале, яна сказала:

— Доўга я ішла, а ваш дом выбрала невыпадкова, бо маю што сказаць вам вельмі важнае.

Усе, хто быў у пакоі, здавалася, нават перасталі дыхаць.

— Але найперш я хацела б ведаць, ці тут знаходзіцца дзяўчынка па імені Луіза?

— Тут,— адказаў Даберман.— Толькі яна захварэла.

— Захварэла? — усклікнула госця.

— Дакладней, ужо амаль паправілася. Яна там, наверсе. Паклікаць яе?

— Не, не трэба пакуль,— як быццам спалохана пакруціла галавой госця. I ўжо спакойна дадала, кіўнуўшы ў бок Ваўкалака: — Пакіньце нас удвух.

Калі ў пакоі нікога не засталося, жанчына падсела да стала, падсунула да сябе адзін з кубачкаў і спытала:

— А хлеб? У вас ёсць кавалачак хлеба?

— Зараз.

"Здаецца, яна вырашыла паздзекавацца з нас,— злосна падумаў Ваўкалак, накіроўваючыся на кухню.— Няўжо яна думае, што мы не здагадаліся, хто яна і чаго завітала сюды?!"

Як толькі Ваўкалак знік за дзвярыма, жанчына нешта дастала з кішэні і хуценька ўкінула ў адзін з кубачкаў. Пачулася шыпенне, быццам там быў не чай, а маленькая змяя. Госця адсунула кубачак далей ад сябе і задаволена ўсміхнулася.

Праз хвіліну вярнуўся Ваўкалак з хлебам на сподачку.

Жанчына, нібы яна тут была гаспадыня, прапанавала:

— Сядай ды выпі са мной чаю. За чаем размова лепш ідзе. Ваўкалак паслухмяна сеў насупраць госці.

— Я ведаю, аб чым ты хочаш са мной пагаварыць,— змрочна сказаў ён.

— Ведаеш? – госця не змагла схаваць свайго здзіўлення.

Яна падсунала бліжэй да ваўкалака кубачак.

— Пі,пі.

Ваўкалак зрабіў доўгі глыток і паўтарыў:

— Ведаю. Толькі чым я так моцна правінаваціўся перад табой, што ты вырашыла загубіць мяне?!

— Загубіць?! — ускочыла жанчына.— Дык ты, праўда, усё ведаў?!

— Не здзекуйся, хопіць! Я не баюся смерці! Яна лепш, чым такое жыццё!

Ваўкалак таксама ўскочыў. I раптам ён пачаў цяжка дыхаць, схапіўся лапамі за жывот і паволі асунуўся на падлогу.

— Вось і добра, што не баішся! — ухмыльнулася жанчына.— I атрута добрая. Аднаго глытка хапіла.

Яна асцярожна абышла Ваўкалака, які, стогнучы, усё яшчэ курчыўся на падлозе, і кінулася наверх, да Луізы.

Дзяўчынка ляжала ў ложку, калі дзверы з шумам расчыніліся і на парозе з'явілася нечаканая госця. Яе хустка з'ехала на патыліцу, адкрыўшы твар жанчыны.

Луіза павярнула галаву і здзіўлена ўсклікнула:

— Вы?!

— Я,— узрадавалася жанчына, што яе пазналі,— я, Тарэза, мамачка Фокі, самага прыгожага хлопца ў нашым горадзе!