Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 86
Алесь Бадак
— Божа мой,— зноў падроблена трагічным голасам сказала мамачка Тарэза,— як гэта несправядліва — такую харошанькую дзяўчынку трымаць у палоне! Вы, відаць, многае зрабілі б для таго, хто змог бы яе вызваліць!
— О, я зрабіў бы ўсё, што ў маіх сілах! — усклікнуў Гардзей.— Я б выканаў любое яго жаданне! Я... Але... Я перабраў у галаве тысячы варыянтаў — Луізу немагчыма вызваліць адтуль.
— Ну, сказаць "немагчыма" прасцей за ўсё,— хітра прыжмурыла вочы мамачка Тарэза.— А калі гэтага Ваўкалака пераможа прыгожы, разумны юнак, ну, скажам, як мой сын,— жанчына кіўнула галавой у бок Фокі,— я думаю, вы былі б не супраць, каб яна выйшла за яго замуж?
— Эх, каб жа знайсці такога чалавека, які б змог вызваліць Луізу,— уздыхнуў Гардзей, не вельмі ўнікаючы ў сэнс апошніх слоў мамачкі Тарэзы.
— Здаецца мне, што гэты чалавек стаіць перад вамі,— урачыста прамовіла мамачка Тарэза і павярнулася ў бок Фокі.— Што скажаш на гэта, Фокачка?
— I яна непрыкметна пачала падміргваць яму, маўляў, згаджайся.
Але Фоку такі паварот падзей зусім не спадабаўся.
— Я? Я павінен змагацца з Ваўкалакам? — спалохана спытаў ён і заматляў галавой.— Ну, не! Я збіраўся жаніцца, а не паміраць! Прабач, мамачка, але мне надакучыла цэлымі днямі бегаць за табой па ўсім горадзе, уцякаць ад каструль і патэльняў, якія чамусьці лётаюць самі па сабе. А цяпер я яшчэ павінен і рызыкаваць сваім жыццём?! Ну, не! Калі б я напачатку ведаў, што жаніцьба — такая нялёгкая і небяспечная справа, я б ніколі не паслухаўся цябе!
I, крута развярнуўшыся, ён подбегам кінуўся на двор. Як толькі дзверы за ім з шумам зачыніліся, мамачка Тарэза сказала, нібыта просячы прабачэння ў Гардзея за свайго сына:
— Ведаеце, ён у мяне такі гарачлівы, агонь, а не хлопец. А ўвогуле, ён харошы, ён такі разумны, смелы, дужы. Вы не слухайце яго! Вось пабачыце, ён вызваліць Луізу! Але і вы не забывайцеся на свае абяцанне!
I яна, не развітаўшыся, кінулася следам за сынам.
"Пра якое абяцанне? — недаўменна падумаў Гардзей. Хіба я ім што-небудзь абяцаў? I ўвогуле, дарэмна я расказаў ім пра Ваўкалака — хоць бы ўсё не зрабілася яшчэ горш, чым цяпер".
Раздзел трынаццаты
ПАМІЖ ЖЫЦЦЁМ I СМЕРЦЮ
Луіза памалу пачала папраўляцца. Яе шчокі зноў заружавелі, а на вуснах усё часцей з'яўлялася ўсмешка.
Ваўкалак з ранку да вечара прападаў у яе пакоі, і з ім рабілася нешта незвычайнае: заўсёды пахмурны, незадаволены ўсім, ён раптам перастаў злавацца, грубіяніць і ўвогуле хмурыцца.
Ён як мог забаўляў дзяўчынку, чытаў ёй кніжкі, расказваў розныя неверагодныя гісторыі, ахвотна выконваў усе яе просьбы. А яшчэ ён вельмі любіў, калі яму што-небудзь расказвала Луіза. Ён лацвей усаджваўся ў крэсла і, пакуль дзяўчынка гаварыла, сядзеў нерухома.
Праўда, час ад часу яго вочы раптам напаўняліся невымоўнай тугой і болем, і тады ён адварочваўся да акна і доўга моўчкі глядзеў некуды ўдалеч.
Луіза спрабавала выпытаць у Ваўкалака прычыну такой рэзкай перамены настрою, але Ваўкалак тады рабіў выгляд, быццам нічога не здарылася, і тут жа пераводзіў размову на што-небудзь іншае.