Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 87

Алесь Бадак

Затое ад астатніх жыхароў дома Ваўкалак не хаваў прычыну сваёй частай тугі. Праходзячы неяк міма кухні, ён сутыкнуўся з Сіямскай Кошкай, якая якраз накіроўвалася да Луізы з гарачым малінавым чаем, спыніўся перад ёй і ціха сказаў:

— Усё. Не сёння-заўтра ён памрэ.

Ваўкалак заўважыў, што кубак з чаем у лапах Сіямскай Кошкі пачаў дрыжэць, вось-вось гатовы выслізнуць на падлогу, спакойна забраў яго і падаўся на другі паверх.

Сіямскай Кошцы не трэба было тлумачыць, хто памрэ. Як і ўсе ў доме, апроч Луізы, яна ведала, што калі Ваўкалак глядзіцца ў люстэрка, то бачыць у ім Гая, які за гэтыя тры гады з юнака ператварыўся ў нямоглага старога. I як толькі заплюшчацца яго вочы, яны да канца свайго жыцця застануцца такімі, як цяпер.

Ніхто не сумняваўся, што Луіза не ведае чароўныя словы, якія зноў могуць ператварыць іх у людзей. Таму, перастаўшы верыць у цуд, зачараваныя жыхары дома апошнія дні часта ўздыхалі пра сябе: "Хутчэй бы ўжо... Няма нічога цяжэй, чым чакаць таго імгнення, калі будзе ясна, што ты ўжо ніколі не станет чалавекам".

Такія думкі прыходзілі ў галаву і Ваўкалаку, калі ён у пакоі Луізы адварочваўся да акна і падоўгу глядзеў некуды ўдалеч.

Калі б дзяўчынка ведала сапраўдную прычыну зменлівасці настрою Ваўкалака, яна б, відаць, расплакалася, шкадуючы яго і ўсіх жыхароў гэтага дома,— у яе ж такое добрае сэрца!

Але Луіза думала, што Ваўкалак перажывае з-за яе хваробы, і старалася быць вясёлай і бесклапотнай, нягледзячы на тое, што, калі яна падымалася з ложка, ногі не вельмі слухаліся і кружылася галава.

Аднойчы раніцай Ваўкалак быў як ніколі сумны і раз-пораз адварочваўся да акна. Луіза недаўменна глядзела яму ў спіну: чаму ў яго такі дрэнны настрой, калі яна ўжо амаль паправілася?!

Раптам дзверы расчыніліся, і на парозе з'явіўся нечым вельмі ўзрушаны і ўстрывожаны Сенбернар.

— Што здарылася? — рэзка спытаў Ваўкалак, прадчуваючы нядобрае.

— Там, каля варотаў, стаіць старая жанчына. Яна хоча бачыць цябе,— дрыготкім голасам прамовіў Сенбернар.

На хвіліну ў пакоі зрабілася зусім ціха, пасля Ваўкалак змрочна выдыхнуў, ці то пытаючы, ці то сцвярджаючы:

— Гэта — яна?!

— Напэўна,— глуха сказаў Сенбернар.

— Хто — яна? — спытала Луіза, нічога не разумеючы. Але яе нібы не чулі.

— Я зараз вярнуся,— ціха прамовіў Ваўкалак і выйшаў з пакоя. Сенбернар падаўся следам.

На першым паверсе ў гасцёўні сабраліся ўсе жыхары дома. Усе з трывогай пазіралі на Ваўкалака: што ён вырашыць?

Ваўкалак накіраваўся да выхада, але затрымаўся каля дзвярэй і сказаў:

— Што ж, Вядзьмарка, відаць, прыйшла, каб паведаміць, што час, адведзены нам, скончыўся. Можа, і лепей, што ён нарэшце скончыўся.

З гэтымі словамі Ваўкалак выйшаў на двор.

Жанчына стаяла каля варотаў, нізка апусціўшы галаву, абапёршыся на крывы дубовы кіёк. На галаве жанчыны была старая зашмальцаваная хустка, якая збілася і закрывала сабой амаль увесь твар. Жанчына здавалася залішне поўнай, ва ўсялякім разе, у мінулы раз яна выглядала больш зграбна.

"Бач ты, як яе расперла,— з'едліва падумаў Ваўкалак.— Ці, можа, начапляла на сябе ўсю адзежу, якая ў яе дома была?"