Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 70

Алесь Бадак

— Пастойце,— крыкнула Варажбітка,— а як жа яшчэ пяцьдзесят залатых манет, якія вы павінны заплаціць пасля варажбы?!

— Пяцьдзесят залатых манет? — спынілася мамачка Тарэза, і злая усмешка прабегла па яе твары.— Дык ты ж ашуканка. Толькі вар'ят можа паверыць у твае казкі. Яшчэ дзякуй, што мы не забіраем у цябе тыя грошы, якія далі раней.

— Ага, столькі грошай далі! — падтакнуў Фока.

— Можаце забраць назад свае грошы! — Варажбітка, нібы яе хто ўкусіў, ускочыла з крэсла і кінула калючы позірк на гасцей.— Менш смецця будзе ў доме.

— Ах так! — сціснула зубы мамачка Тарэза.— Фокачка, збяры грошы!

Фока паслухмяна кінуўся падымаць раскіданыя па падлозе залатыя манеты, але раптам твар яго збялеў.

— Мамачка! — закрычаў ён.— Глядзі, мамачка, што гэтая зладзейка з імі зрабіла!

У яго руках залатыя манеты ператварыліся ў бляшаныя. Мамачка Тарэза цяжка задыхала і доўга не магла прамовіць ні слова.

— Што ж,— нарэшце сказала яна, звяртаючыся да Варажбіткі,— калі грошы для цябе смецце, не варта табе іх дарэмна даваць. Фокачка, мы ідзём адгэтуль!

— Ідзіце, ідзіце,— прабурчала Варажбітка.— А я пагляджу, чым усё скончыцца. Я пагляджу. Даўненька я не бачыла  такога. Ідзіце, ідзіце, а я пагляджу, ідзіце на сваю пагібель. Так вам і трэба!

I Варажбітка глуха зарагатала.

Раздзел чацвёрты

ФОКА I ЛУІЗА

Луіза сядзела на лаўцы і чытала кнігу. Казка так захапіла яе, што яна не заўважыла, як праляцела некалькі гадзін.

— Прывітанне, Луіза,— нечакана пачула яна над галавой жаночы голас.

Луіза адарвалася ад кнігі. Маленькая і вельмі тоўстая цётачка глядзела на дзяўчынку з паблажлівай усмешкай. Побач з жанчынай стаяў такі ж невысокі і пухленькі хлопец і часта-часта лыпаў вачыма.

— Добры дзень,— сказала Луіза.

— Ну як? — мамачка Тарэза — а гэта, вядома ж, была яна — павярнулася да свайго сына.— Як табе нявеста?

— Гы-гы-гы,— здавалася, у Фокі адабрала мову. Нарэшце ён сказаў: —Тое, што трэба!

— I я так думаю,— пагадзілася з сынам мамачка Тарэза, агледзела Луізу з ног да галавы і зноў усміхнулася.

— Дзіцятка, я хачу сказаць, што табе вельмі пашанцавала.

— Чаму? — не магла нічога зразумець Луіза.

— Ты спадабалася майму сыну і мне таксама!

— Ну і што?

— Як — што? Ён хоча ажаніцца з табой!

— Ажаніцца?! — усклікнула Луіза.— Але... але я не хачу выходзіць замуж — ні за вашага сына, ні за чыйго іншага!

— Гэта яшчэ чаму? — здзівілася мамачка Тарэза.— Я, напрыклад, заўсёды хацела выйсці замуж! А пасля, паглядзі, які прыгажун у мяне сын!

Пры гэтых словах Фока пачырванеў і заўсміхаўся.

— Паглядзі, паглядзі на яго! — з захапленнем казала мамачка Тарэза.— Такога хлопца ты не знойдзеш ва ўсім горадзе!

Луіза зірнула на Фоку і засмяялася, але, каб не пакрыўдзіць мамачку Тарэзу і яе сына, тут жа прыкрыла рот рукой.

— Але я яшчэ ніколі не думала аб замужжы...— стараючыся быць сур'ёзнай, сказала Луіза.— Я не ўяўляю сабе... і наогул...