Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 68

Алесь Бадак

I яны накіраваліся на пошукі нявесты. Фока і мамачка Тарэза падоўгу блукалі па гарадскіх скверах і парках, па некалькі разоў на дзень праходзілі па самых людных вуліцах і праспектах, ездзілі сюды-тюды ў перапоўненых аўтобусах і тралейбусах, але мамачка Тарэза адно крывілася ды цяжка ўздыхала, прыдзірліва разглядаючы дзяўчат, якія ім трапляліся.

На дзесяты дзень пошукаў мамачка Тарэза стукнула сябе рукой па лбе і ўсклікнула:

— Якая ж я дурная!

— Ну?! — здзівіўся Фока.— А тата кажа, што ты самая разумная.

— Ты мяне не так зразумеў. Я дурная, бо адразу не здагадалася, як нам знайсці найпрыгажэйшую дзяўчыну ў горадзе. А тата твой заўсёды кажа праўду.

— А як нам знайсці найпрыгажэйшую дзяўчыну ў горадзе?

— Нам трэба звярнуцца да Варажбіткі!

— Да Варажбіткі?

— Вядома. Хто-хто, а яна ўсё ведае.

Праз гадзіну яны ўжо сядзелі ў змрочным напаўпустым пакойчыку, за сталом, на якім гарэла тоненькая свечка.

Старая Варажбітка са зморшчаным тварам, з носам, які, здавалася, вось-вось дакранецца да яе падбародка, сядзела ў вялікім цвёрдым крэсле і тасавала карты.

Перад ёй на стале стаяў кубачак з кавай.

— Чорная ноч, наступі. Чорнае возера, пакажы твар,— шаптала Варажбітка.

Прамовіўшы гэтыя словы, яна кідала адну карту на стол, глядзела ў кубачак і зноў шаптала:

— Чорная ноч, наступі. Чорнае возера, пакажы твар.

— Якая ноч, якое возера?! — мармытала мамачка Тарэза.— Цяпер раніца.

— Не замінай,— злосна сказала Варажбітка, кінула чарговую карту, паглядзела ў кубачак і, мабыць, зноў у ім нічога не ўбачыла.— Чорная ноч, наступі. Чорнае возера, пакажы твар.

Мамачка Тарэза не стрывала.

— Мы седзімо тут ужо цэлую гадзіну. Мы самі зможам убачыць яе твар, скажы толькі імя і адрас гэтай дзяўчыны!

— Давай, гавары! — аж падскочыў на табурэтцы Фока.— Які яе адрас?

— Дзівак,— прамармытала старая,— я магу табе сказаць нешта такое, што крута паверне тваё жыццё. Яшчэ дзесяць залатых манет.

— Што? — усклікнула мамачка Тарэза.

— Яшчэ дзесяць залатых манет пакладзіце на стол — твар ніяк не хоча з'яўляцца.

— Дзесяць?! А ці не замнога табе будзе?!

— Мая варажба наогул не мае цаны, а ты, жанчына, трасешся над нейкімі дзесяццю дробнымі манетамі.

— Дзесяццю? Ды мы ўжо выклалі не менш пяцідзесяці! — закрычала мамачка Тарэза.

— Ну, хай — над пяццюдзесяццю,— спакойна сказала старая.— Якая розніца?!

— Але яшчэ пяцьдзесят мы выклалі, калі ўвайшлі сюды,— нагадала мамачка Тарэза.

— Ага, выклалі,— пацвердзіў Фока.

— Ну і што? — паціснула плячыма Варажбітка, быццам не разумеючы, з-за чаго тут спрачацца.

— I яшчэ пяцьдзесят павінны будзем выкласці, калі ты назавеш імя гэтай дзяўчыны?!

— Зноў пяцьдзесят,— кіўнуў галавой Фока.

— Ну, павінны,— абыякава сказала Варажбітка.— Чым больш залатых манет вы дасце, тым больш я змагу вам расказачь.

— Дык нам трэба толькі...— пачала мамачка Тарэза, але варажбітка яе перабіла.