Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 71
Алесь Бадак
— Дзіцятка мае, думаць цяпер за цябе будзе мой сын.
— Але мне толькі чатырнаццаць гадоў! — усклікнула Луіза.
— Чатырнаццаць? — мамачка Тарэза яшчэ раз здзіўлена агледзела дзяўчынку з ног да галавы.— Вось як? Што ж, значыць, нам трэба пагаварыць з тваімі бацькамі.
— У мяне няма бацькоў,— ціха сказала Луіза.
— А хто ёсць? — асцярожна спытала мамачка Тарэза.
— Брат.
— Цудоўна! — усклікнула мамачка Тарэза.
— Што — цудоўна? — не зразумела дзяўчынка.
— З братам тваім мы дамовімся. Пакуль табе не споўніцца васемнаццаць гадоў, ты пажывеш у нас. Пасля...
— Але я не хачу жыць у вас! — перабіла жанчыну Луіза.
— Дурненькая, ты сама не ведаеш, што ты гаворыш. Ты сама адмаўляешся ад свайго шчасця.
— Ага, ад шчасця,— паспешна заківаў галавой Фока.— Ты толькі слухай маю мамачку, і ўсё будзе добра.
— Ды не хачу я нікога слухаць! — крыкнула Луіза. Тарэза махнула рукой.
— Дзе твой брат?
— Не ведаю,— змахлявала дзяўчынка,— яго няма дома.
— Калі вернецца, перадай яму, што хутка ён будзе апранацца ў лепшых мадэльераў горада і жыць,— мамачка Тарэза акінула позіркам домік Луізы,— жыць ён будзе ў прыгожым I багатым асабняку. Я ведаю, як трэба размаўляць з мужчынамі.
— Не сумнявайся, яна ўсё ведае,— заківаў галавой Фока, але Луіза толькі паморшчылася, зірнуўшы на яго.
Раздзел пяты
ВЫПРАБАВАННЕ ВОДАМАБІЛЯ
Луіза яшчэ не паспела апамятацца пасля нечаканага візіту мамачкі Тарэзы і яе сыночка, як у дом заляцеў шчаслівы, увесь перапэцканы аўтамабільным маслам Гардзей.
— Атрымалася! — закрычаў ён.— У мяне атрымалася! Уяўляеш?!
— Што атрымалася? — не зразумела Луіза.
— Я стварыў машыну, якой не патрэбен бензін! Я нарэшце стварыў яе!
— Гардзейка, ты малайчына! — радасна сказала Луіза.— Я верыла. Усе смяяліся, а я верыла, што ў цябе атрымаецца.
— Мы зараз жа павінны выпрабаваць яе! Мы аб'едзем на ёй увесь горад!
— Пачакай, Гардзейка! Зірні на сябе: табе трэба пераапрануцца.
— Так-так,— сумеўся брат.— Сёння ў мяне свята, і я павінен апрануцца адпаведна.
Праз некалькі хвілін ён ужо стаяў перад сястрой памыты, прычасаны, у новых джынсах і кашулі. Твар яго зіхацеў, нібы люстэрка, якое злавіла сонечны "зайчык".
— Можна пачынаць! — урачыста прамовіў Гардзей, і яны накіраваліся ў гараж.
— Як ты лічыш, што гэта? — спытаў Гардзей у сястры і кіўнуў галавой у бок машыны.
— Як што — аўтамабіль.
— Не зусім. Правільней яго будзе называць водамабілем. Я так лічу. Я стварыў машыну, якая працуе не на бензіне, а на чыстай вадзе, уяўляеш?!
— Здорава!
Дзіва што,— задаволена ўсміхнуўся Гардзей.— Але не гэта галоўнае. Сядай у водамабіль, ты зараз яшчэ нешта незвычайнае ўбачыш.
Луіза асцярожна забралася ў машыну, Гардзей упэўнена палез за ёй.
— Вось, глядзі,— сказаў ён, паказваючы на невялікую скрынку, уманціраваную ў прыборную панель.— Гэта камп'ютэр, які будзе замест мяне кіраваць водамабілем. Ён дакладна вызначае шчыльнасць руху на дарогах, рэгіструе пробкі, выбірае аптымальны шлях.
— Хіба гэта магчыма? — няўпэўнена спытала Луіза.
— Яшчэ як магчыма! — засмяяўся Гардзей.— Паехалі.
Ён націснуў зялёную кнопку, размешчаную ў ніжнім правым кутку прыборнай панелі, на якой адразу загарэлася некалькі рознакаляровых лямпачак, і машына сапраўды кранулася з месца, набіраючы хуткасць. Гардзей сядзеў на мяккім сядзенні, закінуўшы рукі за галаву, і нават не спрабаваў кіраваць. Зрэшты, гэта было і немагчыма, паколькі руль у водамабілі адсутнічаў.