Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 56

Алесь Бадак

— Я не пляту, я разважаю,— спакойна сказала Сарока.

— А можа, ты лунацік? — звярнулася да Зубра Малпачка.

— Хто? Хто? — разгубіўся Зубр.

— Лунацік,— паўтарыла Чыта і патлумачыла: — Той, хто ходзіць у сне, а калі прачнецца, нічога не помніць.

— Вось і не. Я заўсёды помню, куды хаджу,— запярэчыў Зубр.

— Ну, табе так толькі здаецца,— уздыхнула Чыта.— Хоць якая цяпер розніца — з тэлефона ўсё роўна ўжо не пазвоніш.

— Такой бяды! — затрашчала Сарока.— Вы забыліся пра мяне! Чым я горшая за ваш тэлефон? Клопату менш, і той жа звон! Хочаце каму-небудзь што-небудзь перадаць — скажыце мне. А я ўжо, не сумнявайцеся, раззваню па ўсім лесе!..

ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ ЗАЙЦА

Аднойчы Заяц паволі клэпаў па лесе, задумліва пазіраючы сабе пад ногі. Выгляд у яго быў пануры, і Вавёрка, якая сядзела на парозе свайго дупла, заўважыла гэта здалёк. Яна хуценька спусцілася на дол.

— I далека ты выбраўся?

Заяц спыніўся і моўчкі паціснуў плячыма.

— Нейкі ты сумны. Што-небудзь здарылася?

— Скажы, Вавёрка, у цябе бывае дзень нараджэння? — пачухаўшы патыліцу, спытаў Заяц.

— Вядома. Я тады пяку салодкія пірагі з арэхамі і вару малінавы кампот.

— А ў мяне вось не бывае. Я ведаю, што, раз я некалі нарадзіўся, ён павінен быць, але не ведаю, у які дзень. Можа, у пятніцу, а можа, у сераду. Можа, у ліпені, а можа, у жніўні. А мо і зусім у студзені. Лепш, вядома, у ліпені. Папраўдзе, дзень нараджэння не вельмі мне і патрэбны, але часам хочацца ведаць, ці многа пражыў.

— А ты хіба не ведаеш, колькі табе гадоў? — здзівілася Вавёрка.

— Не,— уздыхнуў Заяц.— Можа, пяць, а можа, сто. Самае крыўднае, калі мой дзень нараджэння сёння. Ён прыйшоў, а я нават не здагадваюся пра гэта.

— Мне здаецца,— крыху падумаўшы, сказала Вавёрка,— дзень нараджэння можна спраўляць у любы дзень.

— У любы? — недаверліва перапытаў Заяц.

— У любы,— паўтарыла Вавёрка.— Ва ўсялякім разе, я дакладна помню, што летась свой дзень нараджэння спраўляла ў нядзелю, а пазалетась у суботу. Галоўнае, святкаваць пажадана не часцей і не радзей аднаго разу ў год, каб не зблытацца, колькі табе споўнілася.

— Ты хочаш сказаць, я свой магу спраўляць хоць сёння?

— Ну, не ведаю...— задумліва прамовіла Вавёрка.— Разумееш, калі прыходзіць дзень нараджэння, ты сябе адчуваеш незвычайна.

— А незвычайна гэта як?

— Ну, не так, як у іншыя дні. Па-святочнаму. Ты ўсяму радуешся, быццам першы раз бачыш. I ўсё здаецца такім... такім прыгожым, добрым... такім...

Пачакай, пачакай,— перабіў Заяц.— Здаецца, я пачынаю адчуваць сябе незвычайна! Нядаўна яшчэ не адчуваў, а цяпер адчуваю. Відаць, мой дзень нараджэння толькі-толькі наступіў.

— Тады віншую! — сказала Вавёрка.— Віншую цябе з днём нараджэння і жадаю... жадаю шчасця і доўгіх гадоў жыцця! — урачыста закончыла яна.

— Дзякую! — расхваляваўся Заяц.— Усё ж здорава, калі ў цябе ёсць дзень нараджэння!

Праз некалькі хвілін ён ужо стаяў пад бярозай, на галінцы якой гайдалася Сарока.

— Віншую цябе, Заяц, з днём нараджэння! — крыкнула зверху Сарока.— А я гляджу і думаю: сёння Заяц нейкі незвычайны. Нейкі...

— Ты, сапраўды, заўважыла? — радасна ўсклікнуў Заяц.— Значыць, я не памыліўся?