Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 57

Алесь Бадак

— Ну, табе лепш ведаць, памыліўся ці не,— развяла крыламі Сарока.

— А ты нічога не хочаш мне пажадаць? — з нецярпеннем спытаў Заяц.

— Ну, што ж, я жадаю табе... жадаю шчасця і... пражыць яшчэ многа-многа доўгіх гадоў.

— А ты не магла б пажадаць чаго-небудзь іншага? — папрасіў Заяц.

— Хіба табе не спадабалася мае пажаданне? — пакрыўдзілася Сарока.

— Спадабалася, але шчасця і многа-многа доўгіх гадоў мне толькі што пажадала Вавёрка.

— Хм, прабач, я не ведала. Тады я жадаю табе ніколі не хварэць.

— Дзякуй, тваё пажаданне якраз дарэчы, а то ўвесну я заўсёды прастуджваюся,— задаволена сказаў Заяц.

Зубр пажадаў Зайцу набрацца розуму столькі, колькі памесціцца ў яго галаве.

— А гэта многа? — пацікавіўся Заяц.

— Вядома, многа,— кіўнуў Зубр.— Пра столькі розуму можна толькі марыць.

— I ўсёткі шкада, што мая галава меншая за тваю,— уздыхнуў Заяц.— Тады б у ёй магло памясціцца яшчэ больш розуму.

Ліса пажадала Зайцу сабраць сёлета вялікі ўраджай морквы і капусты, на што Заяц заўважыў:

— Тады, калі ласка, заадно пажадай, каб морква была сакавітая, а не сухая, як летась, а капусту не патачылі вусені.

Бусел, якога Заяц доўга расшукваў па лесе, чамусьці адразу пачаў гаварыць пра свой дзень нараджэння.

— Я таксама буду хутка спраўляць. А ўяві сабе, каб я нарадзіўся зімой, што было б?

Заяц не ўявіў — сёння яму было ўсё роўна, калі нарадзіўся Бусел.

— Мне ж тады ўсе свае дні нараджэння давялося б сустракаць за мяжой, у Афрыцы.

Заяц ніколі не быў у Афрыцы, таму не ведаў, добра гэта ці кепска — тое, пра што гаворыць Бусел.

— Ну і ну,— на ўсялякі выпадак сказаў ён тонам, які можна было зразумець як заўгодна, і тут жа спытаў: — А ты мне нічога не пажадаеш?

— Ну, чаму ж? Я жадаю табе новых сяброў! — узнёсла прамовіў Бусел.

— А... а дзе я іх вазьму? — задумаўся Заяц.

— Ну, не ведаю,— разгубіўся Бусел.— Можа, ты іх калі-небудзь сустрэнеш... Нечакана. Як Малпачку.

— Дарэчы, Малпачка мне яшчэ нічога не жадала,— успомніў Заяц.— Толькі...— зноў задумаўся ён.— Разумееш, калі я сустрэну новага сябра, які аб'явіцца ў нашым лесе, ён жа стане таксама і сябрам і для ўсіх вас!

— Ну і што? — спытаў Бусел.

— Але ж сёння мой дзень нараджэння, і ты павінен жадаць мне, а не Вавёрцы, Зубру ці... ці сабе.

— Добра, я прыдумаю што-небудзь іншае,— уздыхнуў Бусел.

— Не трэба,— махнуў рукой Заяц.— Што мне, хіба шкала — хай мае сябры будуць і вашымі сябрамі!

Апошняй, каго наведаў імяніннік, была Малпачка.

— I колькі табе стукнула? — адразу дзелавіта пацікавілася Чыта.

— Не ведаю,— паціснуў плячыма Заяц,— у мяне сёння першы раз дзень нараджэння.

— Значыць, табе споўніўся год,— без ценю сумнення ў голасе сказала Чыта.— Усё вельмі проста. I ў гэты слаўны для цябе дзень я жадаю табе, каб споўнілася ўсё, што ты сам сабе пажадаеш.

— Усё-ўсё? — перапытаў Заяц.

— Ну, вядома.

— Здорава! Колькі ж я цяпер магу сабе ўсяго нажадаць?!

— А яшчэ,— прадоўжыла Чыта,— у нашай краіне імянінніку разам з пажаданнямі прынята што-небудзь дарыць.

Яна палезла ў шуфляду стала і дастала цёмныя акуляры — іх у яе было некалькі.