Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 54

Алесь Бадак

Сарока яшчэ больш надзьмулася і пачала нервова хадзіць вакол лясной кампаніі.

— Пахвальна, пахвальна,— тым часам адобрыла прапанову Зубра Малпачка.

— А мы зможам пазваніць у Амерыку? — з надзеяй у голасе спытаў Бусел.

— А ў цябе там ёсць знаёмыя? — здзівілася Чыта.

— Не,— уздыхнуў Бусел,— але я якраз і хацеў бы з кім-небудзь пазнаёміцца.

— Для таго, каб каму-небудзь пазваніць, трэба ведаць нумар яго тэлефона,— сказала Чыта з выглядам знаўцы.— А ты ведаеш хоць адзін нумар тэлефона?

— Не,— зноў уздыхнуў Бусел.

— Пачакайце, пры чым тут Амерыка! — умяшаўся Зубр.— Хіба нам не будзе пра што паміж сабой пагаварыць?!

— Правільна,— падхапіла Ліса.— Давайце ж хутчэй што-небудзь рабіць!

Чыта крыху падумала і рашуча заявіла:

— Спачатку трэба выбраць для тэлефона прыдатнае месца.

I ўсе лясныя жыхары рушылі да паляны, пра якую гаварыў Зубр.

— Так,— задаволена прамовіла Малпачка, як толькі яны апынуліся на паляне,— тут нават можна ў баскетбол гуляць! Калі-небудзь я абавязкова навучу вас гуляць у баскетбол. А вось тэлефон... Дзе мы паставім тэлефон, каб яго можна было здалёк бачыць і каб на яго выпадкова хто-небудзь не наступіў? Пры гэтых словах Малпачка пакасілася на Зубра.

— На дрэве! — усклікнула Сарока.— Трэба павесіць тэлефон на дрэве! Тады на яго ніхто не наступіць.

— I не дастане,— прабубніў Зубр.— Ва ўсялякім разе, што да мяне, то я яшчэ не навучыўся лазіць па дрэвах.

— I я,— сказаў Заяц.

— I ў мяне ад вышыні галава кружыцца,— уздыхнула Ліса.

— Вось! — Малпачка паказала рукой на невысокі бярозавы пень пасярод паляны.— Вось дзе будзе стаяць тэлефон!

Яна падышла да пня і паставіла на яго тэлефон.

— Ну як? — Чыта абвяла ўсіх пераможным позіркам.

— Добра,— сказала Вавёрка.— I здалёк відаць, і ніхто не наступіць.

— Цяпер,— заявіла Малпачка,— пойдзем назад. Ёсць адна рэч, без якой па гэтым тэлефоне размаўляць немагчыма.

I лясныя жыхары ўслед за Чытай накіраваліся ў зваротны шлях.

Малпачка зайшла ў свой домік і праз хвіліну вярнулася са скруткам тонкага дроту, які неабачліва пакінулі без нагляду рабочыя, што некалькі гадоў таму каля дома яе гаспадара пракладалі падземны кабель.

— Вось,— патлумачыла Чыта, паказваючы скрутак сябрам,— канцы дроту мы злучым з тэлефонамі, і можна будзе званіць, колькі захочацца.

Па праўдзе кажучы, Малпачка сама не зусім разумела, чаму адны тэлефоны трэба злучаць дротам, іншыя не. Праўда, некалі гэта доўга і цярпліва тлумачыў яе гаспадар свайму сыну, але адкуль той мог дацяміць, калі да Чыты — самай разумнай малпачкі ў свеце,— якая сядзела тады побач, і то нічога не дайшло.

Аднак жыхары пушчы кожнае слова Чыты прымалі на веру — у яе дасведчанасці ніхто не сумняваўся.

— А цяпер,— сказала Малпачка,— давайце расцягнем дрот ад майго дома да паляны.

Адзін канец дроту яна прывязала да ручкі дзвярэй, а скрутак працягнула Зубру.

— Пайшлі,— скамандавала Малпачка, і ўсе зноў рушылі следам за ёй.

Але яны паспелі адолець толькі крыху больш за палову шляху, як дрот скончыўся.