Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 53

Алесь Бадак

Гаспадар купіў новы тэлефон, а Чыта — так, на ўсялякі выпадак,— стары зацягнула да сябе ў домік і паклала ў куфэрак, дзе ўжо ляжалі шчарбатыя сподкі, кубкі, зламаныя аўтаручкі, туфель без каблука на правую нагу і шмат яшчэ чаго, на першы погляд, непатрэбнага, але, як гэты тэлефонны апарат з патрэсканай трубкай, гатовага спатрэбіцца ў любы момант.

Хутка, скліканыя Сарокай, каля доміка Чыты сабраліся жыхары пушчы.

Малпачка паказала ім тэлефонны апарат з патрэсканай трубкай і патлумачыла яго прызначэнне.

— Цяпер,— урачыста закончыла яна,— калі мне захочацца пагаварыць з кім-небудзь з вас, або каму-небудзь з вас са мной, не абавязкова трэба будзе перціся праз увесь лес, а можна проста зняць трубку і сказаць: "Алё!"

Наступіла доўгая паўза.

Нарэшце цішыню парушыў Зубр.

— Я, вядома, чытаў пра такія дзіва-апараты,— разважлівым голасам сказаў ён.— Рэч вельмі цікавая і, можа, нават карысная. Але, як я зразумеў, іх у цябе ўсяго два. Адзін ты пакінеш у сябе, а ў каго будзе стаяць другі? Нас жа многа,— нагадаў ён.

— О'кэй,— сказала Чыта,— я лічу, другі тэлефон павінен стаяць у самага паважанага і разумнага сярод вас...

Жыхары пушчы пераглянуліся паміж сабой.

— У Зубра,— закончыла Малпачка.

Зубр збянтэжана апусціў вочы.

— А калі ты, напрыклад, захочаш пазваніць мне? — нерашуча звярнуўся да Чыты Заяц.

— Тады Зубр цябе пакліча да тэлефона,— не задумваючыся, адказала Малпачка.

— Ды дзе ж я знайду яго? — нахмурыўся Зубр.— Ён жа носіцца як угарэлы па пушчы! За ім не ўгонішся!

— А праўда! Гэта ідэя! — усклікнула Чыта.— Тэлефон трэба паставіць у Зайца. Сярод вас ён самы хуткі.

— Самы хуткі, ды не помніць нічагуткі! — закрычала Сарока.— Ён жа, пакуль знойдзе каго, забудзецца, чаго шукаў! Мне трэба паставіць тэлефон! Я ведаю ўсе навіны, і са мной будзе цікавей, чым з кім, балбатаць.

— Ведаеш, ведаеш, ды больш на хаду прыдумляеш,— заўважыла Вавёрка.

— А ты, а ты!..— надзьмулася Сарока.— Ты зусім... таго... калі... заўсёды...

— Сціхніце! — цыкнуў Зубр.— Я думаю так: усім нам хочацца мець дома тэлефон. Але ён адзін, а нас вунь колькі.

— Як дзірак у рэшаце,— буркнула Сарока.

— Таму,— прадоўжыў Зубр,— мне здаецца, тэлефон трэба паставіць на паляне. Мы ўсе, апроч, вядома, Чыты, жывём недалёка ад паляны. I калі тэлефон зазвоніць, кожны з нас, калі будзе дома, зможа пачуць яго. А самае галоўнае, я думаю, тэлефон дапаможа нам часцей збірацца ўсім разам. А то жывём у адным лесе, можна сказаць, побач, а бачымся гады ў рады. Быццам нам і пагаварыць няма пра што.

— Але... але калі мы будзем пастаянна сустракацца ўсе разам, кожны і без мяне будзе ведаць усе навіны,— прамармытала сабе пад нос Сарока.— Усе будуць пераказваць адзін аднаму, што калі дзе зрабілася. Для чаго ж тады я? Хто мяне тады пачастуе за навіну, калі я не першая пра яе раскажу?..