Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 46
Алесь Бадак
Спачатку ёй падалося, што праз акуляры чамусьці відаць не ўсё, што павінна быць бачна. Чыта хуценька зняла іх, але і без акуляраў не ўбачыла машыны свайго гаспадара. Машына як скрозь зямлю правалілася!
Чыта села на ганачак і стала чакаць: можа, яна хутка вернецца? Можа, яна шукае, дзе развярнуцца? Але час ішоў, сонца падымалася ўсё вышэй і вышэй, а машына не з'яўлялася.
А пасля Чыта захацела есці. Яна рашыла, што ўсё роўна дзе чакаць: у доміку ці на ганку, і паднялася ў домік. Калі сонца схавалася за дрэвамі і ў лесе пачало шарэць, Чыта зразумела: машына ўжо не вернецца. Раз яе, Малпачку, не кінуліся шукаць сярод дня, то ў прыцемках і пагатоў не кінуцца.
"Я ведала, гэта павінна было некалі здарыцца,— падумала Чыта.— Мой гаспадар ужо ў такім узросце, што яго самога пара вазіць у прычэпе, не дзіва, калі ён забыўся пра мяне".
Іншыя на яе месцы, магчыма, засмуціліся б, толькі не Чыта. Галоўнае — дом, а ён на месцы, нікуды не знік. Адно што спыніўся пасярод дарогі — ні прайсці ні праехаць.
Малпачка саскочыла з ганка, з усяе моцы ўперлася ў вугал доміка, і домік — балазе было з горкі — пакаціўся. Спачатку павольна, затым усё хутчэй і хутчэй. Наскочыўшы колам на камень, домік рэзка павярнуў убок, з дарогі, Чыта ўжо не піхала яго, а сама ледзь паспявала за ім.
Пэўна, не размінуўся б домік з якім-небудзь дрэвам, каб не сустрэўся на яго шляху малады арэшнік. З кустоў ён выехаў прыструнены і, быццам для прыліку, пракаціўшыся некалькі метраў, спыніўся акурат перад высокай старой сасной.
Так Малпачка Чыта пачала жыць у Белавежскай пушчы.
ПРЫСТОЙНАЯ КАМПАНІЯ
Чыта паправіла цёмныя акуляры і выйшла з доміка. Раз ужо яна трапіла сюды, трэба паглядзець, што гэта за лес і ці знойдзецца тут для яе прыстойная кампанія. Аднойчы яна чула, як гаспадар выгаворваў свайму сыну: "I што ў цябе за галава такая! Табе чатырнаццаць гадоў, а ў ёй розуму менш, чым у галаве нашай Малпачкі. Няўжо ты не можаш знайсці сабе прыстойную кампанію? Не раўняйся на таго, у каго няма чаму павучыцца".
З падслуханай размовы Чыта зрабіла для сябе дзве высновы. Першая: яна разумнейшая за сына гаспадара, хоць ён вучыцца ў школе, а яна не. Другая: прыстойная кампанія на дарозе не валяецца. Дый на каго Чыце раўняцца, калі яна пераканана, што ўсе павінны раўняцца на яе? А чаму б і не! Яна праз дзень сама засцілае свой ложак — раз! Ведае столькі літар, што можа прачытаць амаль што любое слова — два! Раз у тыдзень сама, без прымусу, чысціць зубы — тры!.. Адным словам, калі б прэзідэнтам Амерыкі можна было выбіраць мартышку — Чыта была б першай канкурэнткай. А можа, нават і адзінай.
Малпачка адышлася недалёка ад свайго доміка і агледзелася. Папраўдзе, яна думала, джунглі — гэта такія зараснікі, што калі залезеш на дрэва, то за лісцем не ўбачыш травы, а калі злезеш на зямлю, за лісцем не ўбачыш неба. Але навокал быў такі прастор, хоць у баскетбол гуляй (пра баскетбол Чыта падумала невыпадкова — яна страх як любіла глядзець гэтую гульню па тэлевізары).