Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 33

Алесь Бадак

— Ці мы знаёмыя! — у голасе птушкі адчулася пагарда.— Вядома, знаёмыя! Гэта мая стрыечная сястра, век бы мне яе не бачыць. I ад куль яна такая белая ўрадзілася! Іншая ад сораму крылы на сябе б налажыла, а гэтая ўбіла ў галаву, што яна нейкая асаблівая.

Старая Барона яшчэ доўга лаяла сваю сваячку, а Карына цярпліва чакала, калі яна выгаварыцца.

Нарэшце, скарыстаўшы паўзу, Карына спытала:

— Скажыце, а вы добра ведаеце гэты лес?

— Ха! Ці добра я ведаю гэты лес! Ды я магу лётаць па ім з заплюшчанымі вачыма!

— Тады вы, можа, пакажаце мне сцежку, якая вядзе да дома валадаркі Краіны Ведзьмаў?

— Да дома Ганесты вядуць усе сцежкі, якія ёсць у гэтым лесе, але не кожны, хто ходзіць па іх, можа патрапіць да яе,— напышліва сказала Старая Варона.

— Дзіўна,— нясмела заўважыла Карына.

— Нічога дзіўнага,— не пагадзілася Старая Варона.— Проста Ганеста іх так заблытала, кааб абы-хто не сноўдаўся каля яе дома. А ў цябе якая справа да яе? — насцярожылася яна.

Карына расказала сваю сумную гісторыю ад пачатку да канца.

— Гэта ўсё штучкі Аўгі,— упэўнена прамовіла Старая Варона, як толькі дзяўчынка замоўкла.— Яе даўно трэба як след правучыць за шкадлівасць. Так і быць, я пакажу табе дом Ганесты. Ідзі за мной.

I з гэтымі словамі Старая Варона зляцела з бярозы.

20. ВАЛАДАРКА КРАІНЫ ВЕДЗЬМАЎ ГНЕВАЕЦЦА

Варона ляцела крыху наперадзе. Карына ледзь паспявала за ёй. Яна то выходзіла на сцежку, то збочвала з яе і прадзіралася скрозь кустоўе, аб якое падзерла ўсе ногі.

Нарэшце Старая Варона апусцілася на вершаліну невысокай елкі і сказала:

— Далей ідзі адна. Толькі нікуды не зварочвай.

Карына падзякавала Вароне за дапамогу, пралезла праз густы алешнік і апынулася на шырокай паляне, пасярод якой стаяў вялікі драўляны дом з двума двухпавярховымі вежамі па баках. Ніжнія паверхі вежаў служылі дадатковымі ўваходамі ў дом, а на другіх паверхах выступалі прасторныя балконы. Да параднага ўвахода вёў ганак, над якім узвышаліся драўляныя калоны.

На ганку ляжаў вялікі Чорны Кот і, здавалася, спаў. Але як толькі Карына хацела прайсці міма яго, Чорны Кот расплюшчыў вочы і незадаволена сказаў:

— Ну вось, ходзяць-ходзяць тут усялякія і робяць выгляд, быццам не заўважаюць, што каля дзвярэй знаходзіцца Верны Вартаўнік валадаркі Краіны Ведзьмаў.

— Прабачце,— вінаватым голасам прамовіла Карына.— Прызнацца, мне нават у галаву не прыйшло, што вы можаце быць Вартаўніком валадаркі Краіны Ведзьмаў.

— Ну, вядома,— з крыўдай у голасе прамармытаў Чорны Кот,— ты падумала, ляжыць тут на ганку бяздомны кот і чакае, пакуль яму кінуць абгрызеную костачку.

— Не,— засмяялася Карына,— на бяздомнага ката вы не падобны. Хутчэй на любімага ката гаспадыні гэтага дома.

— Хм,— задаволена замурлыкаў Чорны Кот,— так яно і ёсць. Калі табе патрэбна Ганеста, то мусіш пачакаць, пакуль я паведамлю ёй пра твой візіт.

Карына згодна кіўнула, і Чорны Кот знік за дзвярыма. Праз хвіліну ён вярнуўся і сказаў:

— Валадарка Краіны Ведзьмаў чакае цябе.

I зноў улёгся на ганку і тут жа заплюшчыў вочы.

Карына думала, што ўбачыць старую бабульку, такую ж агідную і змрочную, як і Аўга, аднак Ганеста аказалася яшчэ даволі маладою жанчынай і з твару даволі прывабнай. Праўда, з яго ніколі не сыходзіла строгасць. Нават калі Ганеста ўсміхалася, вочы яе заставаліся халоднымі.