Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 31

Алесь Бадак

Толькі падарожнікі наблізіліся да дома, як з яго шырокіх дзвярэй выйшла маладая жанчына, маленькая, вастраносая, у доўгай чорнай сукенцы і старых чаравіках з завостранымі наскамі — ну, зусім як у Ведзьмы, што заяўлялася ў іх горад.

— Хто вы такія і што вас прывяло да мяне, валадаркі Краіны Ведзьмаў? — строга спытала яна.

Карына і Граня пераглянуліся: ці сапраўды перад імі тая, за каго сябе выдае? Відаць, іхнюю насцярожанасць заўважыла жанчына.

— Можаце не адказваць. Я — Валадарка Краіны Ведзьмаў, я — чараўніца, таму і так бачу, што ў цябе,— яна тыкнула пальцам, паказваючы на Граню,— баліць рука. I ты прыйшоў да мяне, каб я зняла з яе чары. Хіба не так?

— Так! — збянтэжыўся Граня. Цяпер ужо ён не сумняваўся, што перад ім сапраўды Валадарка Краіны Ведзьмаў.

— Але чаму прыйшла ты сюды? — звярнулася Вастраносая да Карыны.

— Я таксама прыйшла прасіць у Вас дапамогі,— сказала Карына.— Адна Ведзьма зрабіла так, што ў майго брата раптам пачала балець нага, і цяпер ён не можа хадзіць.

— Хм,— хітравата ўсміхнулася жанчына,— з ведзьмамі часам такое здараецца. Любяць яны пасваволіць.

Твар жанчыны раптам пасуровеў.

— Але не трэба на іх нагаворваць! Ты,— звярнулася яна да Грані,— не паднёс Ведзьме сумку, а твой брат,— Вастраносая халоднымі вачыма паглядзела на Карыну,— не саступіў Ведзьме месца ў аўтобусе. Хіба не так?

Карына і Граня маўчалі, апусціўшы галовы.

— Так,— адказала за іх чараўніца і ўхмыльнулася.— Але вам пашанцавала: я добрая Валадарка, і мне няцяжка зняць з яе чары.

З хвіліну жанчына думала пра нешта свае, пасля загадала Граню:

— Пойдзеш са мной у дом. А ты,— загадала яна Карыне,— будзеш чакаць яго тут. Толькі нікуды не ідзі, калі хочаш, каб я зняла чары з твайго брата.

Карына хацела запэўніць, што без дазволу валадаркі Краіны Ведзьмаў яна і кроку не зробіць, але чараўніца не стала яе слухаць і, прапусціўшы наперад Граню, знікла за дзвярыма.

Карыне давялося чакаць даволі доўга. Нарэшце з дому выйшаў Граня. Вочы яго дзіўна блішчэлі.

— Ну што? — нецярпліва спытала Карына.

— Бачыш? — хрыпла прамовіў Граня і патрос правай рукой.— Валадарка Краіны Ведзьмаў зняла з мяне чары. I з твайго брата зняла.

— Праўда? — узрадавалася Карына.— Трэба ёй падзякаваць. Можна зайсці ў дом?

— Не,— прахрыпеў Граня.— Яна чытае Кнігу заклінанняў і не хоча, каб яе дарэмна турбавалі.

— А што з тваім голасам?

— А што з голасам? — сумеўся Граня.— А, ды гэта Ведзьма дала мне выпіць халоднага зёлкавага настою, і я ахрып. Затое цяпер мая рука зноў здаровая. I брат твой цяпер здаровы. Так што можаш вяртацца дадому.

— А ты? Ты сказаў так, быццам не збіраешся ісці разам са мной?

— Я... я хачу яшчэ пабыць тут,— адказаў Граня, стараючыся не глядзець Карыне ў вочы.— Ведзьма абяцала навучыць мяне чараваць.

— Чараваць? — здзіўлена перапытала Карына.

— Ну, не задарма ж,— крыху раздражнёна патлумачыў Граня.— Ёй хочацца пабываць у нашай краіне, паглядзець, як мы жывём... Я запрасіў яе ў госці, а яна паабяцала, што навучыць мяне чараваць.

Карына слухала Граню і не магла паверыць у шчырасць яго слоў. Здавалася, ён нешта недагаворваў. Што? I тут яна зірнула на правую руку хлопчыка і ўбачыла на ёй пярсцёнак з крышталікам, у якім пагойдвалася рыбіна вока! Карына ледзь не ўскрыкнула. Няўжо? Значыць, перад ёй Ведзьма, якая прыняла знешні воблік Грані?!