Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 32
Алесь Бадак
Але дзіўна: Карына нават не адчула страху перад усёмагутнай Ведзьмай. Можа, таму, што бачыла ўсяго толькі хлопчыка, разам з якім прайшла шмат кіламетраў і нават паспела пасябраваць? Аднак дзе сапраўдны Граня? Што зрабіла з ім Ведзьма?
Стараючыся гаварыць спакойна, каб чараўніца нічога не западозрыла, Карына прамовіла з прытворным шкадаваннем:
— Як сабе хочаш. А мне трэба ж спяшацца назад. Я ж нікому не сказала, куды збіраюся. Напэўна, мяне ўжо даўно кінуліся шукаць па ўсім горадзе. Вось толькі як мне патрапіць на дарогу, па якой можна вярнуцца дадому?
— А яе і шукаць не трэба,— сказала Ведзьма ў вобліку Грані.— Ідзі па гэтай сцежцы, нікуды не зварочвай.
Карына ўздыхнула, маўляў, ёй, вядома, не вельмі хочацца вяртацца адной, але што зробіш, і пайшла па сцежцы, на якую паказала Ведзьма ў вобліку Грані. Але як толькі сцежка павярнула ўбок і Ведзьмін дом схаваўся за кашлатымі елкамі, Карына з усіх ног кінулася ў гушчар.
19. СТАРАЯ ВАРОНА
Хутка лес пачаў радзець. Карына спынілася, каб аддыхацца, як раптам пачула над галавой працяглае:
— Ка-а-ар-р!
Задраўшы галаву, дзяўчынка ўбачыла на бярозе Старую Варону, якая з цікаўнасцю пазірала на яе.
— А я ўжо думала, што ў гэтай краіне жывуць адны ведзьмы,— узрадавалася Карына нечаканай сустрэчы.— Калі ты яшчэ і гаварыць умееш, то мне вельмі пашанцавала.
— Ка-а-ар-р! Ка-а-ар-р! — некалькі разоў паўтарыла Варона.
— Не ўмееш,— уздыхнула Карына.— Відаць, у казачных краінах размаўляць умеюць толькі Белыя Вароны,— успомніла яна пра валадарку Краіны Сонечных Зайцоў.
— Не смяшы мяне! — раптам адазвалася Старая Варона.— Я нават здагадваюся, пра якую Белую Варону ты мелеш.
— Загаварыла! Загаварыла! — узрадавалася Карына.
— Знайшла каго мне ставіць у прыклад! Гэтая шэльма і круцелька не ведае і паловы тых слоў, што ведаю я.
— Можа быць,— лёгка пагадзілася Карына, абы каб не пакрыўдзіць Старую Варону: можа, яна дапаможа ёй сустрэцца з Ганестай?
— Так і ёсць, не сумнявайся! Яна лічыць, раз стала Валадаркай цэлай краіны, то цяпер разумнейшая за ўсіх варон. Як бы не так! Шэльма і круцелька! Я справілася б не горш за яе. Але не вароніна гэта справа — валадарыць краінай.
— Вы так лічыце? — Карына хацела падхваліць Старую Варону.— Краіны ж бываюць розныя... О, я пражыла на гэтым свеце вельмі шмат і ведаю, што гавару,— змрочна прамовіла птушка.— Нас, варон, усе называюць неразу мнымі. Але, скажы, пакуль мы з табою размаўляем, ты западозрыла, што ў мяне мала розуму?
— Не,— шчыра прызналася Карына.
— Вось бачыш! А ўсё таму, што я проста сяджу на бярозе і балбачу з табой. А калі б я пачала валадарыць якой-небудзь краінай, сунуць дзюбу не ў свае справы, мая неразумнасць адразу б вылезла наверх. I вось з-за такіх, як гэтая белая шэльма і круцелька, ва ўсім свеце і ведаюць, што мы неразумныя.
— А вы знаёмыя з Белай Варонай? — пацікавілася Карына.