Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 3

Алесь Бадак

Назаўтра, нікому нічога не сказаўшы, дзяўчынка выйшла з дому, перабегла цераз кальцавую дарогу і па зялёным полі накіравалася да лесу. Раніца была халодная. Сонца не паспявала выбрацца з адной хмаркі, нібы шэрай гурбы снегу, як тут жа правальвалася ў іншую.

Хатка, у якой жыла знахарка, быццам дазорца, выглядала на поле з-за магутных лапаў высокіх елак маленькім вокам-акенцам. Другое вока-акенца пазірала ў глыб лесу.

Карына падышла да пакрыўленых рассохлых дзвярэй і пастукала. Не дачакаўшыся адказу, націснула на клямку, лёгка піхнула дзверы, і яны са скрыпам расчыніліся. Усярэдзіне хатка здалася яшчэ меншай, чым звонку. Справа ад дзвярэй стаяла печ, злева — доўгі стол. За сталом на лаўцы сядзела бабулька ў пацёртай камізэльцы і хустцы, завязанай на падбародку. Яна перабірала зёлкі і кідала іх у чыгунок.

— Добры дзень,— павіталася Карына.

— От і добра, што прыйшла,— не падымаючы вачэй, сказала знахарка, быццам даўно чакала дзяўчынку.— Пайдзі назбірай сухога галля, а то трэба ў печы прапаліць, а я нешта занядужала.

Карына хоць і здзівілася такому прыёму, аднак паслухмяна выйшла з хаты. Калі яна вярнулася з бярэмем галля, знахарка сказала:

— Рэдка да мяне ходзяць госці, дый тых сюды гоніць хвароба, а не ахвота. А ты, бачу, здаровая.

— У мяне брат хворы,— ціха адказала дзяўчынка.— У яго ні з таго ні з сяго пачала балець нага.

— Ні з таго ні з сяго,— насмешліва паўтарыла знахарка.— Можа, пераступіў цераз саломінкі, якія ляжалі крыжам, вось і забалела.

— Адкуль жа ў Мінску саломінкі? — здзіўлена запярэчыла Карына.

— Значыць, доўга скакаў на адной назе.

— Ды ў яго нага забалела ў аўтобусе, ён не мог там скакаць.

Знахарка пакруціла галавой і нарэшце адклала сваю працу.

— Ці ёсць у цябе якая-небудзь яго рэч?

— Яго рэч? — разгублена перапытала дзяўчынка.

— Альбо хай сабе што-небудзь, да чаго ён нядаўна датыкаўся.

Карына паціснула плячыма.

— Ёсць! — раптам усклікнула яна.— Гадзіннік! Мой гадзіннік зламаўся, і я ўзяла панасіць Данікаў — усё роўна ён не выходзіць на вуліцу.

— Пакажы,— загадала знахарка.

Карына выцягнула левую руку. Гадзіннік быў новенькі, на скураным раменьчыку — яны з маці падарылі яго Даніку некалькі месяцаў таму на дзень нараджэння.

Знахарка падпаліла ў печы некалькі сухіх галінак і загадала:

— Здымі раменьчык і кінь у агонь.

— Навошта? — спалохалася дзяўчынка.

Але знахарка нічога не адказала, адно ўздыхнула.

Карына мусіла падпарадкавацца, хоць ёй было вельмі шкада скуранога раменьчыка. Што яна цяпер скажа Даніку?

Як толькі ад раменьчыка застаўся адзін попел, знахарка зграбла яго на савок, затым перасыпала ў жалезны кубачак, спырснула вадой і, закрыўшы кубак далонню, патрэсла. Пасля яна доўга глядзела на попел, і ў яе глыбокіх вачах спачатку з'явілася недаўменне, а пасля трывога.

— А ты нічога ад мяне не ўтойвала? — павярнулася яна да Карыны.

— Я не ведаю... — разгубілася дзяўчынка.— Данік гаварыў мне пра бабульку ў аўтобусе. Ён думаў, што гэта вы, таму і не захацеў ісці да вас.

I яна расказала ўсё, што даведалася ад брата пра яго сустрэчу з дзіўнай бабулькай. I чым далей яна расказвала, тым больш змрочным станавіўся твар знахаркі.