Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 2
Алесь Бадак
— Хлопчык, што з табой? — пачуў ён над сабой нечы голас і, скрывіўшыся ад болю, адказаў:
— Нага...
2. ХАТКА НА ЎСКРАЙКУ ЛЕСУ
Як вядома, усе хваробы дзеляцца на прыемныя і непрыемныя. Прыемна прастудзіцца адразу пас ля зімовых канікулаў, цэлы дзень ляжаць у пасцелі, глядзець тэлевізар і ўяўляць, як у гэты час у школе твае сябры пакутуюць каля дошкі ці за партай. А вось калі баліць зуб — тут ужо прабачце. Лепш ужо вытрываць катаванне выклікам да дошкі.
Даніку са сваей нагой цяжка было вызначыцца: радасць яму нечакана выпала ці, наадварот, непрыемнасць. Спачатку, пакуль у школе не скончыліся заняткі, ён, кульгаючы ад крэсла да тэлевізара, ад тэлевізара да кухні, ад кухні да ложка, уяўляў сябе сапраўдным героем, які толькі што ўратаваў сваю класную кіраўніцу (а яшчэ лепш — дырэктарку школы!). Аднак неўзабаве пачаліся летнія канікулы, і Даніку перастала хацецца быць героем, хацелася на вуліцу. Але не вельмі куды падасіся, кульгаючы,— ні табе ў футбол пагуляць, ні на роліках пакатацца.
Тым часам лепшыя дактары горада не маглі зразумець, што здарылася з нагой хлапчука.
Праўда, пра тое, што ён не захацеў саступіць месца дзіўнай бабулі, Данік доўга нікому не расказваў — ні маці, ні сястры, ні, тым больш, дактарам. Ды і што з таго, калі б ён і прызнаўся? Граня вунь кожны раз, калі ўрокі не вывучыць, якую-небудзь хваробу выдумляе, і хоць бы адна з іх да яго прыліпла!
Зняверыўшыся ў дактарах, Данікава маці паслухала добрых людзей і пачала рабіць настой з розных зёлак, каб націраць імі сынаву нагу. I тут нехта падказаў ёй, што за полем, на ўзлеску, у хатцы-шпакоўні, якая адна засталася ад колішняй вёскі, жыве старая знахарка. Калі возьмецца, любую хваробу як рукой здыме. Адно што не кожнаму яна дапамагае, а іншага і за парог не пусціць, або так зіркне спадылба — у самога прападзе ахвота заходзіць.
Пачуўшы пра знахарку, Данік ні з таго ні з сяго заўпарціўся.
— Не хачу нікуды ісці! — замахаў ён рукамі.
I чым больш маці з Карынаю, сястрой Данікавай, яго ўгаворвалі, тым больш ён упарціўся.
Калі маці пайшла на працу, Карына сказала:
— I што ты ўпіраешся, як малое дзіця!
Даніку ўвесну споўнілася дзесяць гадоў — вядома, якое ж ён малое дзіця!
— Я на тваім месцы пагадзілася б да каго хочаш ісці, абы толькі нагу вылечылі.
Карыне было ўжо чатырнаццаць гадоў, і ёй здавалася, што гэта дастаткова важкая прычына, каб Данік яе ва ўсім слухаўся.
— Не пайду! — буркнуў брат.
— Ну чаму?!
I тут Данік не вытрымаў і расказаў сястры пра сустрэчу з незвычайнай бабуляй.
— Можа, гэта і была тая знахарка! — панізіўшы голас, закончыў ён.
— А ты папрасі ў яе прабачэння,— прапанавала Карына.
— Ага, зараз! — чмыхнуў Данік.— Ты б паглядзела на яе! Страшнілка на дзвюх нагах, а не знахарка! Яна мяне не толькі не вылечыць, а зробіць, што я зусім хадзіць перастану!
Карына хацела зноў запярэчыць брату, але ў ягоным голасе было столькі рашучасці, што яна змоўчала і больш ужо не чаплялася са сваімі парадамі. Аднак і думаць пра Даніка не перастала.