Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 5

Алесь Бадак

У вокнах знахарчынай хаткі было цёмна. Карына пастукала ў дзверы, але за імі ніхто не адазваўся. Дзяўчынка паспрабавала адчыніць іх, аднак на гэты раз дзверы не паддаліся.

Уздыхнуўшы, Карына пайшла ў глыб лесу. Доўга блукала па ім, пакуль нарэшце ў цямнечы не ўбачыла папараць. Але дарэмна яна шукала паміж вялікіх лістоў чароўныя кветкі — іх не было.

"Значыць, усё гэта няпраўда,— засмуцілася дзяўчынка.— Дарэмна я паверыла знахарцы. Кожны школьнік ведае, што папараць не цвіце".

Яна стомлена апусцілася на зямлю. Як быць далей? Вяртацца дадому альбо працягваць пошукі? Раптам месяц схаваўся за воблака, і ў той жа момант Карыне здалося, што дрэвы вакол яе, нібы жывыя, пачалі паволі рухацца, набліжацца адно да ад наго, сплятаючыся галінамі.

Карына ад страху заплюшчыла вочы, а калі расплюшчыла іх, убачыла многа прыгожых жоўтых кветак — гэта зацвіла папараць! Дрэвы ўжо стаялі нерухома, і месяц вылез з-за воблака і, здавалася, пазіраў уніз са здзіўленнем і недаверам. Карына асцярожна сарвала адну кветку, агледзелася па баках і ўбачыла непадалёку, каля высокай сасны, вялікі мурашнік. Куды цяжэй аказалася знайсці сцяжынку, якая б вяла на поўдзень. У гэтым лесе быццам зусім не стала сцежак. Карына кідалася то ў адзін бок, то ў другі — паспрабуй тут угадай, куды бегчы!

Нарэшце яна спынілася, каб аддыхацца, апусціла вочы і ўбачыла, што якраз стаіць на ёй — вузкай, амаль непрыкметнай, зарос лай травою сцяжынцы. Павярнуўшыся тварам на поўдзень, Карына хутчэй адарвала ад кветкі адзін пялёстак, заплюшчыла вочы і памазала ім павекі. Не прайшло і хвіліны, як павекі пачалі цяжэць. Дзяўчынку агарнула дрымота, а ногі самі павялі яе наперад.

Невядома, колькі часу яна ішла па лясной сцяжынцы, як раптам...

— Ай! — ускрыкнула Карына, наткнуўшыся на нейкую перашкоду, і, згубіўшы раўнавагу, упала.

4. ГРАНЯ

Карына не моцна выцялася, але яе дрымоту як рукой зняло. Яна расплюшчыла вочы і ўбачыла перад сабой хлопчыка гадоў дзесяці ў пацёртых джынсах, пакарочаных да калена, і шэрай безрукаўцы, які, як і яна, ляжаў на зямлі і недаўменна пазіраў на яе.

Першым падхапіўся хлопчык і пацёр правае плячо.

— Прабач, калі ласка,— сказала Карына, падняўшыся і атрасаючы са сваёй блакітнай сукенкі пясок.

— Трэба глядзець, куды ідзеш,— буркнуў хлопчык і перастаў церці плячо.

— Трэба,— пагадзілася Карына, а сама падумала: "Хоць як я магла глядзець, калі мне сказалі заплюшчыць вочы?"

— Моцна баліць? — спачувальна спытала яна, кіўнуўшы на плячо.

— I нічога не моцна,— хмыкнуў хлопчык.— А, калі хочаш ведаць, баліць яно і не з-за цябе зусім.

— А з-за каго? — здзівілася Карына.

— З-за таго, з кім табе лепш не сустракацца. Слухай,— прыжмурыўся хлопчык,— мне здаецца, я цябе ўжо недзе бачыў.

— I я цябе. Вось толькі дзе?

— А я ведаю! Ты Данікава сястра.