Читать «Населены востраў» онлайн - страница 3

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Перш чым спусьціцца па абрыве да ракі, Максім азірнуўся. Ззаду тапырылася, распрамляючыся, прымятая ім трава, стаялі на тле неба каравыя дрэвы, і сьвяціўся маленькі кружок расчыненага люка. Усё было вельмі звыкла. Ну і добра, сказаў ён сабе. Ну і няхай... Добра было б знайсьці цывілізацыю — магутную, старажытную, мудрую. І чалавечую... Ён спусьціўся да вады.

Рака сапраўды была вялікая, павольная, і простым вокам было відаць, як яна спускаецца з усходу і падымаецца на захад. (Рэфракцыя тут, аднак, пачварная!) І бачна было, што іншы бераг пакаты і зарос густым хмызьняком, а ў кілямэтры ўверх па плыні тырчаць з вады нейкія слупы і крывыя бэлькі, перакошаныя кратчатыя фэрмы, калматыя ад павойных расьлін. Цывілізацыя, падумаў Максім без асаблівага азарту. Вакол адчувалася шмат жалеза, і яшчэ нешта адчувалася, непрыемнае, душнае, і калі Максім зачэрпнуў жменяй ваду, ён зразумеў, што гэта радыяцыя, даволі моцная і шкодная. Рака несла з усходу радыёактыўныя рэчывы, і Максіму стала зразумела, што карысьці ад гэтай цывілізацыі будзе мала, што гэта зноў ня тое, што кантакту лепш не пачынаць, а трэба прарабіць стандартныя аналізы, разы два непрыкметна абляцець плянету па экватары і выбірацца дадому, а на Зямлі перадаць матэрыялы сур’ёзным і відалым дзядзькам з Савету галяктычнай бясьпекі і хутчэй забыцца на ўсё.

Ён грэбліва абтрос пальцы і выцер іх аб пясок, потым прысеў на кукішкі, задумаўся. Ён паспрабаваў уявіць сабе жыхароў гэтай плянэты, наўрад ці шчаснай. Дзесьці за лясамі быў горад, наўрад ці дабрабытны горад: брудныя заводы, лядашчыя рэактары, якія скідаюць у раку радыёактыўныя памыі, непрыгожыя дзікія будынкі пад жалезнымі дахамі, шмат сьценаў і мала вокнаў, брудныя прамежкі паміж дамамі, заваленыя адкідамі і трупамі хатніх жывёл, вялікі роў вакол гораду і пад’ёмныя масты... Хаця не, гэта было да рэактараў. І людзі. Ён паспрабаваў уявіць сабе гэтых людзей, але ня змог. Ён ведаў толькі, што на іх вельмі шмат надзета, яны былі проста-ткі запакаваныя ў тоўстую грубую матэрыю, і ў іх былі высокія белыя каўнерыкі, якія шаравалі падбародак... Потым ён убачыў сьляды на пяску.

Гэта былі сьляды босых ног. Хтосьці спусьціўся з абрыву і сышоў у раку. Хтосьці зь вялікімі шырокімі ступнямі, цяжкі, касалапы, нязґрабны — гэта несумненна, гуманоід, але на нагах у яго было па шэсьць пальцаў. Стогнучы і крэкчучы, споўз з абрыву, пракульгаў па пяску, з плёскатам пагрузіўся ў радыёактыўныя воды і, фыркаючы і хрыпячы, паплыў на іншы бераг, у трысьнёг. Не здымаючы высокага белага каўнерыка...

Яркая блакітная ўспышка асьвяціла ўсё вакол, нібы ўдарыла маланка, і зараз жа над абрывам загрукацела, зашыпела, затрашчала вогненным трэскам. Максім ускочыў. Па абрыве сыпалася сухая зямля, нешта зь небясьпечным віскам пранеслася ў небе і ўпала пасярэдзіне ракі, падняўшы фантан пырскаў уперамешку зь белай парай. Максім шпарка пабег уверх па абрыве. Ён ужо ведаў, што здарылася, толькі не разумеў, чаму, і ён не зьдзівіўся, калі ўбачыў на тым месцы, дзе толькі што стаяў карабель, слуп распаленага дыму, які гіганцкім штопарам сыходзіў у сьвятлівую нябесную цьвердзь. Карабель лопнуў, ліловым сьвятлом палала керамітавая шкарлупіна, весела гарэла сухая трава вакол, палаў хмызьняк, і займаліся дымнымі агеньчыкамі каравыя дрэвы. Люты жар біў у твар, і Максім засланіўся далоньню і падаўся ўздоўж абрыву — на крок, потым яшчэ на крок, потым яшчэ і яшчэ... Ён адступаў, не адрываючы сьлязьлівых вачэй ад гэтае гарачае паходні раскошнай прыгажосьці, якая сыпала барвовымі і зялёнымі іскрамі, ад гэтага раптоўнага вулкана, ад бессэнсоўнага буянства бурлівай энэргіі.