Читать «Населены востраў» онлайн - страница 2

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Максім абышоў карабель, ведучы далоньню па халодным, ледзь вільготным яго баку. Ён выявіў сьляды ўдараў там, дзе і чакаў. Глыбокая непрыемная ўвагнутасьць пад індыкатарным кольцам — гэта калі карабель раптам падкінула і заваліла набок, так што кібэрпілёт пакрыўдзіўся, і Максіму давялося тэрмінова перахапіць кіраваньне, — і шчарбіна поруч з правай зрэнкай — гэта празь дзесяць сэкундаў, калі карабель паклала на нос і ён акрывеў. Максім зноў паглядзеў у зэніт. Чорныя кляксы былі цяпер ледзь бачнымі. Мэтэарытная атака ў стратасфэры, верагоднасьць — нуль цэлых нуль-нуль... Але ж усякая магчымая падзея калі-небудзь ды ажыцьцяўляецца...

Максім прасунуўся ў кабіну, пераключыў кіраваньне на аўтарамонт, задзейнічаў экспрэс-лябараторыю і рушыў да ракі. Прыгода, вядома, але ўсё роўна — руціна. У нас у ГВП нават прыгоды руцінныя. Мэтэарытная атака, прамянёвая атака, аварыя пры пасадцы. Аварыя пры пасадцы, мэтэарытная атака, прамянёвая атака... Прыгоды цела.

Высокая ломкая трава шамацела і храбусьцела пад нагамі, калючае насеньне ўпіваліся ў шорты. З бзыкаючым звонам праляцела хмара нейкай заедзі, патаўклася перад тварам і адстала. Дарослыя самавітыя людзі ў Групу вольнага пошуку не ідуць. У іх свае дарослыя самавітыя справы, і яны ведаюць, што гэтыя чужыя плянэты ў сутнасьці сваёй досыць аднастайныя і ўтомныя. Аднастайна-ўтомныя. Утомна-аднастайныя... Вядома, калі табе дваццаць гадоў, калі ты нічога толкам ня ўмееш, калі ты толкам ня ведаеш, што табе хацелася б умець, калі ты не навучыўся яшчэ шанаваць свой галоўны набытак — час, калі ў цябе няма і не прадбачыцца ніякіх асаблівых талентаў, калі дамінантай тваёй істоты ў дваццаць гадоў, як і дзесяць гадоў таму, застаюцца не галава, а рукі ды ногі, калі ты настолькі прымітыўны, што ўяўляеш, быццам на невядомых плянэтах можна адшукаць нейкую каштоўнасьць, немагчымую на Зямлі, калі, калі, калі... то тады, вядома. Тады бяры каталёг, раскрывай яго на любой старонцы, тыкні пальцам у любы радок і ляці сабе. Адкрывай плянэту, называй яе ўласным імем, вызначай фізычныя характарыстыкі, біся з пачварамі, калі такія знойдуцца, уступай у кантакты, калі знойдзецца з кім, рабінзонь памаленьку, калі нікога ня выявіш... І ня тое каб усё гэта дарэмна. Табе падзякуюць, табе скажуць, што ты зрабіў пасільны ўнёсак, цябе выкліча для падрабязнай размовы які-небудзь выбітны спэцыяліст... Школьнікі, асабліва адстаючыя і абавязкова малодшых клясаў, будуць глядзець на цябе з пашанай, але настаўнік пры сустрэчы спытае толькі: «Ты ўсё яшчэ ў ГВП?» — і перавядзе размову на іншую тэму, і твар у яго будзе вінаватым і сумным, бо адказнасьць за тое, што ты ўсё яшчэ ў ГВП, ён бярэ на сябе. А бацька скажа: «Гм...» — і няўпэўнена прапануе табе месца лябаранта; а мама скажа: «Максік, але ж ты нядрэнна маляваў у дзяцінстве...»; а Джэні скажа: «Пазнаёмся, гэта мой муж». І ўсе маюць рацыю, усе, акрамя цябе. І ты вернешся ва Ўпраўленьне ГВП і, імкнучыся не глядзець на двух такіх жа асталопаў, што корпаюцца ў каталёгах каля суседняга стэляжа, возьмеш чарговы том, разгарнеш наўздагад старонку і тыкнеш пальцам...