Читать «Населены востраў» онлайн - страница 208

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Вандроўнік прамаўчаў. Вароты былі ўжо зусім блізка. Зэф прадраўся праз жывы плот і выйшаў на дарогу. Цераз плячо ў яго вісеў аўтамат, і было здалёк відаць, што ён злы, нічога не разумее і зараз са страшнымі праклёнамі запатрабуе тлумачэньняў, чаму яго, масаракш, адарвалі ад працы, задурылі яму галаву Вандроўнікам і прымушаюць, як хлапчука, тырчаць тут сярод кветачак ужо другую гадзіну запар.

1968

Камэнтары да пройдзенага: «Населены востраў»

Абсалютна дакладна невядома, калі быў задуманы гэты раман, — 12 чэрвеня 1967 году ў рабочым дзёньніку зьяўляецца надпіс: «Патрэбна скласьці заяўку на аптымістычную аповесьць пра кантакт». І тут жа:

«Склалі заяўку. Аповесьць „Населены востраў“. Сюжэт: Іваноў церпіць крушэньне. Абстаноўка. Капіталізм. Алігархія. Кіраваньне праз псыхахвалі. Навукі толькі ўтылітарныя. Ніякага разьвіцьця. Машынай кіруюць жрацы. Сродак ідэальнай прапаганды адкрыты толькі што. Няўстойлівая раўнавага. Грызьня ва ўрадзе. Народ хістаюць з боку на бок, у зал.<ежнасьці> ад таго, хто дацягваецца да кнопкі. Псыхалёгія тыраніі: што трэба тырану? Кнопачная ўлада — гэта ня тое, хочацца шчырасьці, вялікіх спраў. Ёсьць адсотак насельніцтва, на каго прамяні ня дзейнічаюць. Частка — ірвецца ў алігархі (алігархі таксама не ўспрымальныя). Частка — ратуюцца ў падпольле ад вынішчэньня, як непадатлівы матэрыял. Частка — рэвалюцыянэры, як дзекабрысты або народнікі. Іваноў пасьля нягодаў патрапляе ў падпольле».

Цікава, што гэты знарочыста бадзёры запіс разьмяшчаецца якраз паміж двума вельмі змрочнымі — 12.06.67: «Б. прыбыў у Маскву ў сувязі з адхіленьнем КпТ (аповесьць „Казка пра тройку“ — заўв. пер.) Детгизам» і 13.06.67: «Афронт у МолГв з КпТ». Гэты здвоены ўдар аглушыў нас і прымусіў страціць на час счапленьне з рэальнасьцю. Мы апынуліся нібы б у стане гэткага «творчага ґроґі».

Вельмі добра памятаю, як, зьбянтэжаныя і злыя, мы казалі адзін аднаму: «Ах, вы ня хочаце сатыры? Вам больш не патрэбныя Салтыковы-Шчадрыны? Сучасныя праблемы вас больш не хвалююць? В-вельмі добра! Вы атрымаеце бяздумны, бязмозґлы, абсалютна бяззубы, забаўляльны, без адзінай ідэі раман пра прыгоды хлопчыка-я...чыка, камсамольца XXII стагодзьдзя...» Сьмешныя хлопцы, мы нібы зьбіраліся пакараць каго-небудзь з тых, хто мае ўладу, за адмову ад прапанаваных намі сур’ёзнасьцяў і праблем. Пакараць тав. Фарфуркіса легкадумным раманам! Пацешна. Пацешна і трошкі сорамна зараз гэта згадваць. Але тады, улетку і ўвосень 67-га, калі ўсе самыя сяброўскія нам рэдакцыі адна за адной адмаўляліся і ад «Казкі», і ад «Брыдкіх лебедзяў», мы ня бачылі ў тым, што адбываецца, нічога пацешнага.

Мы ўзяліся за «Населены востраў» без энтузіязму, але вельмі хутка праца захапіла нас. Выявілася, што гэта па-д’ябальску займальны занятак — пісаць бяззубы, бяздумны, чыста забаўляльны раман! Тым больш што даволі хутка ён перастаў бачыцца нам такім ужо бяззубым. І вежы-выпраменьвальнікі, і вырадкі, і Баявая Гвардыя — усё ўставала на свае месцы, як патроны ў абойму, усё знаходзіла свой прататып у нашай улюбёнай рэальнасьці, усё аказвалася носьбітам падтэксту — прычым нават як бы мімавольна, нібы само сабой, быццам рознакаляровая ледзянцовая крошка ў нейкім чароўным калейдаскопе, які ператварае хаос і выпадковую мешаніну ў элегантную, упарадкаваную і цалкам сымэтрычную карцінку.