Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 3

Алесь Петрашкевіч

Лютэр кідае, а Іахім спрытна ловіць капшук з грашыма.

Калі б ваша светласць дазволіла, Іахім параіў бы вам сустрэцца з доктарам Скарынай сам-насам, як кажуць у Парыжы. Мала што ў яго там яшчэ ў галаве!.. Разумны з разумным доўга не гавораць, а памятаюць адзін аднаго да скону. А тое, што германскія рыцары за дзвесце гадоў не змаглі адолець дзікае славянскае племя, зусім не азначае, што яно не праглыне вашага вучэння, калі яго падкінуць з розумам і добрай прынадаю.

Лютэр. А ты, Іахім-Джавані-Іаан-Ісаак, не такі ўжо і...

Іахім (перахоплівае). Цёрты я, ваша светласць, бо некалі зваўся і Ахметам. Дык запрасіць доктара Скарыну да пана прафесара?

Лютэр. Чаму ж не? Сустрэча з дастойным субяседнікам узаемна ўзбагачае.

Іахім. Мудрыя словы. Па сабе ведаю. I калі падумаць...

Лютэр. Гэта ўжо мой занятак. А ты — ідзі!..

Іахім. Разумею, ваша светласць, але ці не едзе Скарына ў Кёнігсберг, каб па дарозе заехаць у Вармію да канцлера Альштынскага капітула Мікалая Каперніка...

Лютэр (здзіўлена). Да таго самага?..

Iахім. Іахім другога не ведае... У іх былі адны настаўнікі і ў Кракаве і ў Падуі. Чаму ж у іх не могуць быць адны і тыя ж інтарэсы? Тым больш што Скарына лічыць Каперніка вялікім разумнікам. Калі б гэта было не так, то навошта Скарыне вазіць з сабою яго пісьмы?

Лютэр. Ты бачыў пісьмы Каперніка ў Скарыны?

Іахім. Пісьмы што! Іахім бачыў у Скарыны такое, ад чаго ў іншых можа пацямнець уваччу. I калі б пан прафесар кінуў Іахіму на беднасць, ён перадаў бы вашай светласці такое, чаго пакуль няма ні ў кога на свеце. (Вымае складзеную паперку.)

Лютэр (дае Іахіму адну манету). Трымай.

Іахім (узважыў манету). Капернік пасінеў бы ад злосці, каб дазнаўся, як танна ваша светласць цэніць яго адкрыцці.

Лютэр. За грахі свае і нахабства ты згарыш некалі на кастры.

Iахім. Якая карысць паліць беднага Іахіма, калі могуць згарэць Скарына з Капернікам? Вы паглядзіце, што напісаў адзін дурань і што возіць з сабой другі. (Аддае паперку.) Я вам скажу, калі я быў мусульманінам, зваўся Ахметам і гандляваў шкуркамі...

Лютэр (прагледзеўшы паперку). Пакажы мне той залаты, што я табе даў.

Іахім знаходзіць і падае Лютэру манету. Той кладзе яе сабе ў кішэню.

Нічога новага. Гэта лухта ў мяне ўжо ёсць. Можаш узяць яе назад. (Перадае Іахіму паперку.)

Іахім. Такі ўжо лёс у беднага Іахіма: калі ў Каперніка нічога новага, то і яму адны страты. (Выходзіць і вяртаецца.) Калі я зваўся Ахметам і гандляваў шкуркамі, мне даводзілася сустракацца з купцом Іванам Скарынай. Не мая справа вучыць вашу светласць, але мне не лёгка было абдурыць таго Івана. А гэты — Францыск, ды яшчэ і доктар...

II

Начлежка пры карчме. Ноч. Маргарыта спрытна нешта вяжа. За сталом, асветленым некалькімі свечкамі, сядзіць Скарына. Ён чытае.

Маргарыта (спявае)

Ой, з-пад лесіку, лесу цёмнага, Ой-лі, ой-люлі, лесу цёмнага, Што з-пад гаіку з-пад зялёнага, Ой-лі, ой-люлі, з-пад зялёнага. Тудай ішлі — прайшлі ўсё два малайцы, Ой-лі, ой-люлі, усё два малайцы. Усё два малайцы, абодва не жанаты, Ой-лі, ой-люлі, абодва не жанаты. Яны йшлі-прайшлі, станавіліся, Ой-лі, ой-люлі, станавіліся, За адну дзевачку пасварыліся, Ой-лі, ой-люлі, пасварыліся. «Вы ж не біцеся, не сварыцеся, Ой-лі, ой-люлі, не сварыцеся. Аднаму каму я дастануся: Ці то старшаму, ці то младшаму, Ой-лі, ой-люлі, ці то младшаму».