Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 5
Алесь Петрашкевіч
Гусоўскі (на Маргарыту). Жонка?
Скарына. Жонка... Але чужая.
Гусоўскі. Усё адно прыгажуня. Пшэпрашэм, пані! (Цалуе руку Маргарыце.)
Скарына (крычыць). Юрась! Пётра!.. Мікола Гусоўскі! З нашага краю хлопец. (Маргарыце.) У Кракаве вучыліся разам, таварышылі. (Абдымае Гусоўскага за плечы.) I не было ў мяне сябра вярнейшага за яго! I радасць — на двух. I гора — на двух. I песню родную — у два галасы! I смутак па Бацькаўшчыне — пароўну!
Гусоўскі. I закаханыя былі ў адну паненачку...
Скарына (смяецца). А прыгажуня наша ашчаслівіла трэцяга. (Мсціслаўцу.) Між іншым, пабрацім мой Мікола земляком табе даводзіцца. Ты з Мсціслаўля, а ён з Гусава на Дняпры. Адсюль і прозвішча ў яго Гусоўскі.
Гусоўскі (з сумам). Цяпер у мяне, Францыск, і прозвішча чужое, і вера не свая.
Скарына (задуменна, праз паўзу). Не кожны вольны сваё імя насіць, не кожны можа па сабе веру абраць...
Адвернік. Маргарыта, ластавачка ты мая, на адной назе да карчмара! Капусткі, гурочкаў, скварку! I каб мне яешню на ўсю патэльню! I пойла таго, што шнапсам называецца, калі ў Іахіма нічога іншага не знойдзецца.
Маргарыта выходзіць.
(Падае Гусоўскаму руку.) Трымай! Будзем знаёмцамі. А калі палюблю, то на мяне можаш спадзявацца. Адвернік я. Юрый. А можна і проста Юрась.
Скарына. Хачу, каб ты ведаў, Мікола, рука гэтага самага Юрася аднолькава цвёрда можа трымаць меч і бязмен. Ён радца віленскі, друг мне верны і...
Адвернік (выкарыстаў паўзу). Ён хацеў сказаць: і крэдытор... Толькі ў такіх даўжнікоў, як Францыск, я сам у вечным даўгу застануся. Бо няма сёння на ўсёй Белай Русі нашай мужа больш дастойнага і больш багатага душою...
Скарына. Кінь ты, Юрась!..
Гусоўскі. Колькі ж мы з табою не бачыліся, сын Скарынін?!
Скарына. З таго самага часу, як развіталіся...
Гусоўскі (Адверніку). У 1509 годзе ад Нараджэння Хрыстова кароль Польшчы і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары накіроўвае пасольства ў Капенгаген, каб заключыць дагавор аб вечным міры...
Скарына (перахоплівае). Два шчаслівыя і, як ім здаецца, здольныя бакалаўры навук вызваленых па волі яго вялікасці ўключаюцца ў пасольства пісцамі...
Гусоўскі. Паслы дагавор падпісваюць, здольныя пісцы сторазова яго перапісваюць, каралі рыхтуюцца да новай вайны, а бакалаўры воляй лёсу на колькі гадоў губляюць адзін аднаго... Сон! Далібог, сон! Дай да цябе дакрануцца, пакуль ты не знік.
Скарына. Губляюць, каб знайсці!
Гусоўскі (успомніў). А знаходзяць, каб спытаць адзін у аднаго пра зробленае, каб паведаміць адзін аднаму пра дасягнутае, як ва ўзаемнай клятве аб тым было дамоўлена. Ці забыў мо ўгавор наш?..
Адвернік. Відаць, дрэнна ты ведаеш друга свайго, Мікола...
Мсціславец. Ды мы хутчэй на плаху, чым супраць слова!..
Скарына абдымае за плечы Мсціслаўца.
Гусоўскі. Тады адказвай пры сведках, Францыск Скарына, пабраціму свайму: чым багаты? чым слаўны? чым шчаслівы? і засмучаны чым?..
Скарына. За славаю не ганюся...
Мсціславец. Пацвярджаем! Настаўнік Францыск сам кажа: хто сквапны на пахвалу, той бедны заслугамі.
Скарына. Гэта не я кажу. Пётра. Гэта Плутарх сцвярджае.
Мсціславец. Тым больш!..