Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 17

Алесь Петрашкевіч

Iахім. Амін!

Iахім выходзіць.

Лютэр. Калі інквізітары пераламаюць ерэтыку косці, можа быць, мы яму і дапаможам...

Як толькі Скарына з’яўляецца на прасцэніуме, на яго накідваюцца два стражнікі, скручваюць рукі, нацягваюць на галаву мяшок і валакуць за сабой. Іахім неўзаметку назірае за гэтым.

V

Катавальня. Сцяна, што насупраць, завешана посцілкай. Кат наводзіць парадак у катавальні. Ён у чырвоным балахоне з капюшонам. Замест вачэй чарнеюць дзве дзіркі, там, дзе рот,— белая латка з воблікам Маці Божай; на грудзях вялізны белы круг з чорным знакам распяцця.

З’яўляецца Iнквізітар, заглядвае за посцілку.

Кваліфікатар (Кату). А ты не паспяшаўся з ім, майстар?

Кат. Я не люблю, калі ерэтыкі дрэнна сябе паводзяць. (Выходзіць.)

З’яўляецца манах. Адкідае капюшон. Гэта Іахім.

Кваліфікатар. Як поспехі?

Iахім. Толькі што ўзялі.

Кваліфікатар. Не пра тое я!..

Iахім. А-а... Запісаў амаль даслоўна. (Перадае паперы.)

Кваліфікатар. Некалі Лютэр лопне ад злосці...

З’яўляецца Кат.

Тры піва!..

Кат выходзіць.

(Іахіму.) Што засталося ад грэшных?

Іахім. Тры пары коней, два вазы кніг і друкарскі станок.

Кваліфікатар. Коней мне, станок табе, кнігі Нунцыю.

З’яўляецца Кат з трыма куфлямі піва.

Iахім. На якую халеру мне той станок?

Кваліфікатар (адзін куфаль піва бярэ сабе, другі аддае Іахіму). Даносы множыць будзеш. (Чокаецца з Катам і Іахімам.) Zum Wohl!..

Iахім (мнагазначна). Zum Wohl!..

VI

У келлі Нунцый і Мануэла. З’яўляецца Кваліфікатар.

Кваліфікатар. Святы айцец, можа, запросім госця з вашага дазволу?

Нунцый. Дарагому госцю мы заўсёды рады. Пагуляй, Мануэла.

Кваліфікатар выходзіць.

Мануэла (капрызна). Вось так заўсёды... А я ніколі не бачыла русінаў. А гэты яшчэ і вершы піша...

Нунцый. Гэты не піша вершаў. Гэты горш...

Мануэла. Усё роўна!

Нунцый (настойліва). Мануэла!!!

Мануэла. Вы не любіце мяне, святы айцец!..

Нунцый хоча выправадзіць Мануэлу, але яна гарэзліва хаваецца за шырмай. З’яўляюцца Кваліфікатар і Скарына.

Кваліфікатар. Францыск Скарына Рус, у навуках вызваленых і лекарстве доктар. (Выходзіць.)

Нунцый. Рады, вельмі рады! Я так многа чуў пра вас... А толькі што ад душы пасмяяўся. Мне расказалі, як вас да мяне запрасілі. (Рагоча.) Рукі назад, мяшок на галаву і ў госці. Тысячу прабачэнняў. Вы ведаеце, калега, у гэтай Германіі страшэнна цяжка працаваць. Без загаду ніхто пальцам не паварушыць. А варта нешта папрасіць, выконваюць як загад. I так ужо перастараюцца, што за галаву схопішся. Выслужваюцца, варвары. Іншы раз просіш правесці з ерэтыком душа-выратавальную размову, а яны яму рукі і ногі вырываюць. Сядайце, калега, будзьце як дома і забудзьцеся пра стражнікаў. Запэўніваю вас, вы ў надзейным месцы...

Скарына. Даруйце, з кім маю гонар?..

Нунцый (падае руку). Нунцый. Апостальскі нунцый Папы Рымскага.

Скарына не заўважае рукі Нунцыя, і той паказвае на Мануэлу, якая выходзіць з-за шырмы.