Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 109

Алесь Петрашкевіч

Тамаш. Няма ні срэбнага крыжа, ні капліцы, няма і могілак. Пан Альберт загадаў знесці могілкі, каб пабудаваць на тым месцы дом, загадаў разбурыць капліцу, каб пакласці цэглу ў падмурак.

Завальня. Божа літасцівы! Зусім звар'яцеў пан Альберт, калі ўзняў руку на магілы продкаў.

Тамаш. Думаю, што яго намовіў той страшны чалавек, які невядома адкуль з'явіўся ў нашым маёнтку: худы, бледны, з вялізным носам, нібы дзюба ў драпежнае птушкі, у дзіўных чорных апранахах, зусім не такіх, як носяць пан ці ксёндз. Калі я адбываў мінулага разу начную варту ў маёнтку, бачыў, як акурат апоўначы ў пакоі госця гарэла святло і ён чымсьці там з панам бавіўся, а над дахам дома снавалі кажаны. Напалохаўся я, таму і прынёс сёння свянцоныя зёлкі і кадзіла, якімі святар параіў акурваць пакоі.

Завальня (азіраецца). А дзе ж тваё кадзіла?

Тамаш асцярожна глядзіць на чорныя дзверы. Нібы наўмысна тыя прыадчыняюцца, з'яўляецца брыдкая валасатая лапа, якая шпурляе згаслае кадзіла ў Тамаша і знікае, грукнуўшы дзвярыма.

Тамаш (прыгінаецца). Сцеражыцеся, пане Завальня!

Шляхціц Завальня хапаецца рукой за тое месца, дзе калісьці ў яго, відаць, вісела шабля. Тамаш адно жагнаецца, але не рашаецца тлумачыць і толькі адводзіць аканома далей ад д'ябальскіх дзвярэй.

Завальня. Жахлівыя рэчы, бачу, адбываюцца ў гэтым доме. Веру, што Бог злітуецца і ўсё пераменіць на лепшае, але бяда таму, хто, прагнучы багацця, прадае душу д'яблу!

Тамаш (пераходзіць на шэпт і раз-пораз азіраецца на чорныя дзверы). А каб вы пабачылі, васпане, што мы вылавілі ў Глухім возеры. Крый Божа такое і ў сне бачыць!

Завальня. Вы лавілі ў Глухім возеры? Але ж там ніхто ніколі не лавіў, сяляне як мага далей абыходзяць гэтую змрочную мясціну.

Тамаш. Куды падзенешся, нам загадаў пан Альберт. Выцягнулі — страх успомніць — поўны нерат маленькіх нячысцікаў. Не маючы сілы глядзець на страшыдлаў, кінуліся мы ўцякаць, але паспеў я заўважыць таго Чарнакніжніка, які хуценька збіраў маленькіх нячысцікаў сабе ў кош. I яшчэ — у яго была перавязана нага!

З чорных дзвярэй ненрыкметна выслізгвае Чарнакніжнік, хаваецца ў цёмным куце пакоя і падслухоўвае размову.

Завальня (неўразумела). Перавязана нага?

Тамаш. Усю дарогу да самага возера за намі ляцеў вялізны чорны крумкач. На беразе рыбар Родзька падпільнаваў птушку і патрапіў у яе каменем. Паранены крумкач схаваўся ў хмызняку, а пасля адтуль з'явіўся, кульгаючы, Чарнакніжнік з перавязанай нагой! Разумееце, васпане, у чым справа?

Завальня. Жах які!

Тамаш. Самы жах наперадзе — тае ж ночы Родзька памёр. (Змаўкае.)

Завальня. О Божа! (Задумліва.) Стары пан Марагоўскі, ведаючы легкадумны нораў сына, прасіў мяне не пакідаць маёнтак, што б ні здарылася. Але ці думаў ён, што пан Альберт захаўрусуе з Чарнакніжнікам, выкінуўшы з могілак бацькавы косці на здзек крумкачам?

Тамаш (згадаўшы). А па начах бачылі мы з аднавяскоўцамі на замчышчы нейкую кабету, якая плакала так жалосна, нібы гаротная маці па сваіх нешчаслівых дзецях. Старыя людзі кажуць, што яе так і завуць — Плачка, і што на месцы яе з'яўлення схаваны старажытныя скарбы і рэліквіі, а часам знаходзяць там чалавечыя косці і зброю. Вы, пане Завальня, чалавек вучоны і самі іншым разам нешта запісваеце ў кніжачку, ці не ведаеце, хто тая Плачка і што прадвяшчае яе з'яўленне?