Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 106

Алесь Петрашкевіч

Тамаш. Што гэта — нехта ў возера грае на дудзе і спявае? Ці мне падалося?

Другі рыбар. Ды не, я таксама чую музыку і спевы!

Першы рыбар (паказвае рукой на сярэдзіну возера). Зірніце — цуд нябачаны — на вадзе сядзіць нячысцік, чорны, як вугаль, рукі доўгія, галава велізарная, грае на дудзе і спявае страшным голасам!

Другі рыбар. Дзе, дзе, я нікога не бачу!

Тамаш. I мне не відаць, адно ранішні туманп паўзе над вадой.

Першы рыбар (праводзіць па вачах далоняй). Зараз і сам нічога не бачу праз туман. Можа, прымроілася?

Другі рыбар. Няхай бы так. Лепей прымроіць нячысціка, чым пабачыць яго наяве.

Тамаш. Выцягваем, хлопцы, нерат і даем адсюль ходу. Што злавілася — тое злавілася, занясем пану Альберту, а па другому разу закідваць не будзем.

Пачынаюць выцягваць нерат, які паддаецца з цяжкасцю.

Другі рыбар. Ого, багаты ўлоў чакае гаспадара!

Рыбары цягнуць мацней, нерат паддаецца болей. Але раптоўна ўсчыняецца нейкі шоргат, сыканне, дзікі піск, ад якога рыбарам робіцца ніякавата.

Што гэта за дзікі піск? Ажно мурашкі па целе пабеглі!

Першы рыбар. Нібыта там тысячы гадаў б'юцца паміж сабою!

Тамаш. А можа, проста трапілася сціжма ўюноў? Ну-тка, выцягваем з вады ўвесь нерат.

Выцягваюць нерат і бачаць поўную сець маленькіх пачвараў: адны — накшталт ракаў з чорнаю поўсцю, другія — як павукі, кожны з ката, трэція — падобныя да шчанюкоў, з нагамі незвычайнае даўжыні. Пацукі, яшчаркі, кажаны поўзаюць па беразе, б'юцца ў сецях з жахлівым крыкам, сыканнем і піскам.

Рыбары. А-а-а-а! Нячысцікі! (Кідаюць нерат і ўцякаюць.)

Тамаш (адступае да лесу). Д'яблава кубло!

З хмызняку выбіраецца Чарнакніжнік. Ён кульгае, левая нага ягоная перавязана.

У руках трымае вялізны кош, куды пачынае збіраць маленькіх нячысцікаў. Тамаш знікае сярод дрэў, паспеўшы, аднак, заўважыць Чарнакніжніка.

Чарнакніжнік (назбіраўшы поўны кош). Багаты ўлоў, цудоўны ўлоў! Якраз тое, што патрэбна. (У бок возера.) Дзякуй табе, братка, што выгадаваў мне столькі памочнікаў.

У адказ на ягоныя словы з возера даносіцца гранне дудкі. Чарнакніжнік з кашом нячысцікаў у руках накіроўваецца да лесу, але, спатыкнуўшыся, хапаецца за параненую нагу і ўскрыквае ад болю.

Ну папомніш ты ў мяне, ёлуп, як кідацца каменнямі! (Знікае за дрэвамі.)

Глухое возера зацягваецца густым, непраглядным туманам, недзе ў глыбіні туману нябачны нячысцік грае на дудзе і спявае:

Пацяраў я дуду, іх-вох, На паповым лугу, іх-вох, А не дудка была, іх-вох, Весялуха была, іх-вох, Весяліла мяне, іх-вох, На чужой старане, іх-вох.

Заслона

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Карціна пятая

Вітальня панскага дома ў маёнтку Магільна. Вечар. За сталом сядзіць пан Альберт, паліць люльку і раскладвае карты. За спіной яго з'яўляецца Чарнакніжнік і непрыкметна кіруе раскладкай картаў.

Альберт. Сёння нейкі асаблівы вечар, ніколі карты не клаліся так удала. Мусіць, здарыцца нешта незвычайнае. Між тым сніў мінулае начы дурны сон: падаў я ў бездань, а здалёк мой бацька ўздымаў рукі да неба і маці млела, бо не маглі мне дапамагчы.