Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 105
Алесь Петрашкевіч
Карпа. Ах, гэта ты, пане! Ну і нацярпеўся я жаху з твае ласкі! Скарбу не знайшоў, а жыццё ледзь не страціў. Лепш бы я пайшоў да Змяінага каменя ды пашукаў Цмока.
Чарнакніжнік. Ва ўсім вінаватыя твая няўважлівасць і баязлівасць. Што ж, хочаш Цмока — будзе табе Цмок. (Вымае нешта з кішэні.) Вазьмі гэтыя чырвоныя зярняты. Калі не маеш свайго чорнага пеўня, дык расстарайся дзе-небудзь, накармі яго гэтым зернем, і ён знясе яйка, не большае ад курынага. Праз колькі дзён вылупіцца з яйка крылаты Цмок, які будзе выконваць усе твае загады. Ноччу ў чорным абліччы прынясе табе жыта, пшаніцы і іншага збожжа, а калі прыляціць, палаючы агнём,— будзе мець пры сабе золата і срэбра.
Карпа. Дзякуй табе, пане! Займець уласнага цмока — куды лепш, чым жыўцом у труну лезці. (Бярэ зярняты, кланяецца і адыходзіць.)
Чарнакніжнік (ціха). А вось гэта яшчэ невядома, хлопча. (Зларадна смяецца і знікае.)
Карціна чацвёртая
На Глухім возеры. Пахмурнае надвор'е, туман. Возера зарасло зялёным багавіннем і толькі пасярэдзіне свеціцца невялічкае вадзяное акенца. Трывожна азіраючыся і да ўсяго прыслухоўваючыся, Тамаш і двое рыбакоў рыхтуюць невад. Тамаш — за старэйшага, таму ён вымушаны падбадзёрваць іншых, хоць сам баіцца не менш за іх.
Першы рыбар (аглядае возера). Ну і змрочная тут мясціна! I чаму гэта ўздумалася пану паслаць нас на Глухое возера?
Тамаш. Казаў, што калі ад пракаветных часоў тут ніхто не лавіў, дык шмат будзе рознае рыбы.
Першы рыбар. Хоць я ніколі і не лавіў тут, але чуў, што ляжаць на дне гэтага возера вялізныя карчы: можам папсаваць нерат.
Другі рыбар. Што — карчы, сам нячысцік завёўся ў гэтым возеры! Ох, не скончацца дабром сённяшнія ловы! Вялікі грэх бярэм на сваю душу.
Тамаш. Грэх на сваю душу ўзяў наш гаспадар, які нас сюды даслаў. Мы — людзі паднявольныя і вымушаны выконваць ягоны загад.
Другі рыбар. Думаеш, Тамаш, на святым судзе нехта будзе разбірацца?
Над возерам пралятае вялізны чорны крумкач і сядае на дрэва непадалёк ад рыбароў.
Першы рыбар. Глядзіце, зноў гэтая жахлівая птушка! Усю дарогу ляцела за намі і цяпер прысуседзілася. Трэба адагнаць яе прэч. (Шукае камень,)
Другі рыбар. Не чапай крумкача, Родзька. Не будзі ліха, пакуль яно ціха.
Не паслухаўшыся, Першы рыбар шпурляе камень у крумкача. З клёкатам крумкач падае з дрэва і забіваецца ў хмызнякі.
Першы рыбар. Ага, патрапіў! Не будзе шпегаваць за намі!
Тамаш (здымае шапку). Ну, браткі, памолімся ды за працу! Памажы нам, Божа!
Другі рыбар (змрочна). Не, у такой справе Бог нам не памочнік.
Рыбары ўсё ж здымаюць шапкі і ўслед за Тамашом шэпчуць пацеры. Затым бяруць невад і закідваюць у возера.
Ледзь не ўсё возера багавіннем зарасло, да чыстай вады не падступіцца.
Першы рыбар. Ох, папсуем мы ўвесь нерат на гэтых карчах.
Раптоўна чуецца нейкая музыка, на сярэдзіне возера нехта грае на дудзе і спявае:
Пацяраў я дуду, іх-вох, На паповым лугу, іх-вох, А не дудка была, іх-вох, Весялуха была, іх-вох, Весяліла мяне, іх-вох, На чужой старане, іх-вох.