Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 8
Алесь Петрашкевіч
Вымае з-пад плашча-накідкі невялікую кніжачку, чытае на латыні. Скарына слухае вельмі ўважліва. Адвернік глядзіць на Міколу скоса і ўсміхаецца скептычна. Пятра захапляе мелодыка верша, хоць ён і не разумее зместу.
In medio quaedam populo spectacula Romae Contigerant nuper forte videnda mihi. Dum fera dimissi miscebant proelia tauri, Densa relaxantes corpore tela suo... Адвернік (Гусоўскаму). Даруй, братка... Прыгожа пяеш, нічога не скажаш... Незразумела толькі... (Дзёрзка.) I лаціна твая паганая нам во дзе сядзіць!.. I калі ты нам брат, то лепш змоўкні! A то...
Гэта так нечакана, што Гусоўскі спачатку губляецца, а потым выхоплівае шпагу і становіцца супраць Адверніка ў баявую пазіцыю.
Гусоўскі (крычыць). Абараняйся, няшчасны!!!
З’яўляецца Маргарыта; на падносе выпіўка і закуска. Адвернік хапае з падноса бутэльку, а ўсё астатняе ляціць на падлогу. Маргарыта засланяе сабой мужа.
Скарына (Адверніку). Бутэлькай яго! Бутэлькай з-за жончынай спіны, пакуль ён не праткнуў цябе наскрозь! (Весела рагоча.)
Маргарыта. Спыніцеся!!! Малю вас, апамятайцеся!!!
Гусоўскі (хавае шпагу ў ножны). Пшэпрашэм, пані! (Цалуе Маргарыце руку.) А з табой мы яшчэ сустрэнемся! (Кладзе ў кнігу пальчатку і кідае Адверніку, затым выходзіць.)
Адвернік (збянтэжана). Што гэта ён рукавіцамі кідаецца? (Паднімае пальчатку.) Хіба біцца не будзем?..
Скарына. Спасцігай, купец, лаціну, а за рукавіцай ён яшчэ вернецца.
Маргарыта (перапалохана). А можа, нам хутчэй з’ехаць?..
Мсціславец. А рукавіцу карчмару аддадзім.
Скарына. Вы не ведаеце Гусоўскага! Пад зямлёй знойдзе і заколе. Я яшчэ ў Кракаве нагледзеўся. Звер! Чуць што — за шпагу, і няма чалавека. Што яму Адвернік? Ён адзін на адзін з зубрам выходзіў.
Адвернік. Ну, панужай, панужай мяне яшчэ...
З’яўляецца Гусоўскі з двума юнакамі ў дарожных накідках і пры шпагах.
Скарына. Калі ласка, ён ужо з дружкамі!..
Маргарыта выштурхоўвае Адверніка і Мсціслаўца ў суседні пакой.
Гусоўскі (Скарыне на юнакоў). Mae «секунданты» твае кнігі прыхоняць, а я табе сваю пакіну. Калі па душы будзе, знойдзеш мяне заўтра ў замку. (Перадае невялічкую кніжачку.) Юрася твайго я яшчэ папалохаў бы, ды жонка ў яго вельмі прыгожая. А прыгожых я не крыўджу. (Абдымае Скарыну.) Да сустрэчы, родны! (Выходзіць.)
Скарына (раскрывае кніжачку). «Carmen de bisontis» — «Песня пра зубра». «Verba volant, scripta manent» — «Словы злятаюць, напісанае застаецца»?.. (Чытае паэму.)
...Бясконца купае і губіць Марс збраяносны людзей у крывавых купальнях... Хто вінаваты? Чыёю злачыннай рукою Губяцца сувязі братнія, бурацца храмы? Вораг знішчае — мы скажам, а трэба ж прызнацца: I ад сваіх міжусобіц мы ўсе не дужэем... Гонар, сумленне зямных уладарцаў, здаецца, Спяць беспрабудна. Усе іх учынкі і справы Людзям на гора, дзяржаве ж — на шкоду і страты.