Читать «Напісанае застаецца» онлайн - страница 33
Алесь Петрашкевіч
Нунцый. Ці не вы з’яўляецеся ўзорам такога мудраца і дабрадзея?
Скарына. Калі няма нікога іншага, я гатовы быць першым…
Нунцый. Не, доктар, вы памрэце не ад сціпласці. (
Кат. Слухаю, святы айцец! Хіба зноў падкруціць? Толькі ўсё адно дарэмна. Мне ўжо трапляліся русіны. Такі народ, як кажа брат Іахім…
Нунцый. Я вырву твой доўгі язык! I адсяку рукі, калі ты дакранешся яшчэ да доктара Скарыны! А вам бы, доктар, пара ўжо і згадзіцца. Друкавалі б нашы кнігі на сваёй мове і для свайго народа, жылі б сабе ў славе і дастатку. Здалася вам тая Белая Русь…
Скарына. Здалася… Можна памяняць пастыра, але не Радзіму.
Нунцый. Майстар, займіся ты імі нарэшце як належыць! (
Кат. Загубіў ты свайго друга, а маглі выратавацца абодва. Хоць пакуль чалавек жывы, ён ніколі не павінен траціць надзеі.
Скарына (
Кат. Калі наведае цябе гора, агляніся наўкола і суцешся: ёсць людзі, доля якіх яшчэ цяжэйшая за тваю.
Скарына (
Кат. Тут працуючы, пра каго хочаш наслухаешся. А многія на сценах пішуць. (
Адвернік. Як цябе дагэтуль зямля носіць?
Кат. Не крыўдуй на мяне, добры чалавек. Работа ў мяне такая…
Скарына. А чаму спаляць Кваліфікатара?
Кат. Грошы любіць. Сяброў прадае. Задуменны стаў. А калі задуменны, то спаляць.
Адвернік. Ну, цябе, відаць, і агонь не возьме?
Кат. Чаму не возьме?
Адвернік. Ты — каменны.
Кат. Гэта толькі здаецца. Мне і вас шкада. Думаеце, у Ката дык і сумлення няма? Кат вам — дык і не чалавек? А пакаяліся б, і мне лягчэй. Тых, што пакаяліся, мы тут душым з міласэрнасці Божай. А калі на касцёр, як зацятых, то горш. На вуліцу выходзіць увесь горад. На ерэтыка кожны павінен плюнуць ці ўдарыць. А бывае, што іншы цэліць у ерэтыка, а плюе на мяне. Усе рагочуць, галёкаюць, а я пад балахонам плачу. Тут у катавальні не паплачаш. А пад балахонам адводжу душу. Добра, што вашаму брату рот завязваюць. Тут ужо не папросішся і не пажалішся. А вочы просяць… Ой, як страшна просяць вочы. I я вас малю: вы на мяне тут глядзіце, колькі хочаце, а там не трэба. Я вам за гэта сухіх дроўцаў падрыхтую, саломкі. Бывае, што ад дыму захлынаюцца адразу. А калі захлынуўся, тады ўжо лягчэй. Бывае два віды кары: у адным выпадку спальваюць, — гэта прасцей, а ў другім — ерэтыка спачатку жывога разрываюць на часткі абцугамі, — гэта горш. Абцугі награюцца і пякуць пальцы.
Адвернік. Бедны Кат! Ты ўжо беражыся! Як жа яны без тваіх залатых рук?..
Кат. Яны без рук не будуць. (
Адвернік. Францыск… Вазьмі мой крыж, Францыск, а мне аддай свой. Пабратаемся. (